Беларускія ВНУ пачалі прымаць дакументы на паступленне

09.07.2010 12:05
Архив Редакция

З дзявятага ліпеня абітурыенты могуць падаваць дакументы на паступленне ў беларускія ВНУ першай плыні. Пра гэта паведаміла кансультантка аддзела вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Марыя Карпенка, перадае БЕЛТА.

Усю неабходную для паступлення інфармацыю ВНУ ўжо паведамілі абітурыентам. Дадзеныя аб наборы на першы курс дзённага бюджэтнага аддзялення, а таксама аб іншых магчымых умовах навучання размясцілі на дошках аб’яваў у ВНУ, а таксама на афіцыйных сайтах устаноў.

У 2010 годзе да ВНУ першай плыні адносяцца ВНУ сілавых ведамстваў (Акадэмія МУС, Ваенная акадэмія, Камандна-інжынерны інстытут МНС, Гомельскі інжынерны інстытут МНС), Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Абітурыенты змогуць падаць дакументы на дзённую бюджэтную форму навучання ў гэтыя навучальныя ўстановы з 9 па 13 ліпеня. На завочную і вячэрнюю (бюджэт) — па 25 ліпеня. На платныя аддзяленні — па 27 ліпеня.

ВНУ мінкульта плануюць прыняць 1045 абітурыентаў. З іх на дзённае бюджэтнае аддзяленне паступяць 725 першакурснікаў, на завочнае бюджэтнае — 320 абітурыентаў.

ВНУ міністэрства ўнутраных спраў плануюць прыняць 1190 першакурснікаў. З іх на дзённае бюджэтнае аддзяленне паступяць 735 чалавек, на завочнае — 455 абітурыентаў.

Згодна з правіламі прыёму, усе астатнія ВНУ Беларусі будуць прымаць дакументы на ўсе формы атрымання адукацыі з 16 па 25 ліпеня (на ваенныя факультэты — з 16 па 23 ліпеня).

Сёлета абітурыенты могуць выбіраць з 55 вышэйшых навучальных устаноў: 45 дзяржаўнай формы ўласнасці і 10 — прыватнай. На ўсе формы атрымання адукацыі ў ВНУ запланавана прыняць 102,7 тыс. чалавек, што на 4,9 тыс. студэнтаў больш, чым у 2009 годзе.

Как вам новость?
Головоломки