Беларускія вучоныя стварылі мабільнага робата-ахоўніка

30.11.2010 12:27
Архив Редакция

Навукоўцы Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта распрацавалі мабільнага робата для аховы і маніторынгу памяшканняў. Інавацыя прадстаўлена на Маладзёжным інавацыйным форуме, які праходзіць у Мінску 29-30 лістапада.

«Робат-ахоўнік можа прымяняцца як для праверкі памяшканняў і спынення несанкцыянаванага пранікнення, так і для выяўлення пажараў, хімічнай небяспекі», — распавёў адзін з распрацоўшчыкаў тэхнікі, аспірант інстытуту Валеры Касьянік, перадае БелТА.

У якасці адной з найбольш перспектыўных сфер прымянення інавацыі навуковец назваў і будучую АЭС. «Робат зможа інспектаваць небяспечныя зоны станцыі, куды забаронены доступ чалавека», — растлумачыў Валеры Касьянік.

Мабільны робат створаны на базе інтэлектуальнай шматмэтавай рабатызаванай платформы. У будучыні на яе аснове плануецца распрацаваць цэлую серыю робатаў рознага прызначэння. Ужо цяпер вядзецца праца над стварэннем робата-гіда для правядзення мультымедыйных экскурсій падчас мерапрыемстваў і прэзентацый, у тым ліку і ў «Мінск-Арэне» падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.

Распрацоўваецца і новы робат-пагрузчык, які, як упэўнены вучоныя, будзе незаменны на буйных вытворчасцях з вялікім найменнем камплектуючых, а таксама прадпрыемствах хімічнай і фармакалагічнай прамысловасці.

На выставе распрацовак маладых навукоўцаў, якая арганізавана ў рамках Моладзевага інавацыйнага форуму, прадстаўлена больш за 100 розных распрацовак. Гэта інавацыі ў галіне аховы здароўя, машынабудавання, прадуктаў харчавання, стварэння новых матэрыялаў і абсталявання. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з новымі беларускімі тэхналогіямі ў фармацэўтыцы, сучасным абсталяваннем для сельгасвытворчасці.

Прэзентаваны новыя гідраізаляцыйныя матэрыялы на аснове бітумных эмульсій, палімерныя гідрагелі. Можна ўбачыць апаратна-праграмны комплекс для зондава-аптычнага маніторынгу жывых клетак, прыбор для экспрэснай аптычнай дыягностыкі ракавых пухлінаў, пазнаёміцца з новым метадам камп’ютарнага канструявання патэнцыйных лекавых прэпаратаў для тэрапіі СНІДу, а таксама комплексам малекулярных сродкаў дыягностыкі.

Моладзевы інавацыйны форум — унікальная магчымасць для маладых інаватараў прадэманстраваць свае ідэі ў рэальным сектары эканомікі, заручыцца фінансавай падтрымкай інвестараў, зацікавіць найбуйнейшыя галіновыя прадпрыемствы. Да ўдзелу ў форуме запрошаныя маладыя навукоўцы да 35 гадоў, якія маюць інавацыйныя распрацоўкі і ўнікальныя ідэі.

Как вам новость?
Головоломки