Беларускія "зялёныя" заклікалі Грыбаўскайце сысці ў адстаўку

18.11.2010 14:46
Архив Редакция

Беларуская партыя "Зялёныя" накіравала прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайце адкрыты ліст, у якім заклікала яе добраахвотна пакінуць прэзідэнцкі пост. Прычынай для гэтага беларускія актывісты называюць замоўчванне літоўскімі ўладамі інфармацыі аб аварыі на першым блоку Ігналінскай АЭС, якая адбылася 5 кастрычніка 2010 года.

Так, актывісты партыі «Зялёныя» адзначаюць у лісце, што інфармацыя аб здарэнні на АЭС да беларускай грамадскасці дайшла толькі праз месяц, у пачатку лістапада. «Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Беларусі не атрымала ад літоўскага профільнага ведамства ніякай інфармацыі пра інцыдэнт на Ігналінскай АЭС», — падкрэслілі актывісты.

Разам з тым, 20 кастрычніка 2010 года, праз два тыдні пасля аварыі на станцыі, Даля Грыбаўскайце прыехала з працоўным візітам у Мінск і правяла перамовы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. «У афіцыйнай праграме і ў матэрыялах па выніках сустрэчы не было ні аднаго слова аб тэхнагеннай аварыі на Ігналінскай АЭС», — адзначылі ў Беларускай партыі «Зялёныя».

На думку актывістаў партыі, прэзідэнт Літвы «фактычна паўтарае практыку замоўчваньня праблемы», як гэта рабіла савецкае кіраўніцтва ў выпадку з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

Беларускія «зялёныя» абвінавацілі Грыбаўскайце ў крывадушнасці

«Прадстаўнікі Літвы неаднаразова выказваліся адносна асцярог звязаных з будаўніцтвам Беларускай АЭС. Але пасля таго, што здарылася ўсе падобныя абвінавачванні здаюцца не больш, чым крывадушнымі», — заявілі актывісты Беларускай партыі «Зялёныя».
 
«Літва з’яўляецца членам ЕС і ў наступным годзе будзе старшыняваць у АБСЕ. Які маральны прыклад падае першая асоба Літвы для беларускіх уладаў у галіне практыкі рэагавання на надзвычайныя здарэнні ў краіне? Якія высновы зробяць беларускія ўлады адносна абавязковасці выканання Орхускай канвенцыі (канвенцыя Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя — Тэлеграф)?», — падкрэсліваецца ў адкрытым лісце прэзідэнту Літвы.

Актывісты таксама адзначылі, што Літва плануе пабудаваць могільнік для захавання адпрацаванага ядзернага паліва Ігналінскай АЭС, якая засталася яшчэ з савецкіх часоў. «Мы спадзяемся, што разам з адпрацаваным палівам і элементамі станцыі там жа будуць пахаваныя і такія рысы таталітарнай палітыкі як крывадушнасць і ўтойванне важнай экалагічнай інфармацыі», — заявілі прадстаўнікі беларускага экалагічнага руху.

Як раней перадаваў Тэлеграф, на першым блоку Ігналінскай АЭС, спыненым яшчэ ў 2005 годзе, 5 кастрычніка падчас працаў па яе дэзактывацыі разлілося каля 300 тон высокарадыёактыўнай вадкасці. Пры гэтым, па словах відавочцаў, працаўнікі і памяшканні станцыі падвергліся апрамяненню. Аднак літоўскія ўлады не праінфармавалі Беларусь аб інцыдэнце, бо афіцыйна забруджванне не распаўсюдзілася за межы станцыі.

Как вам новость?
Головоломки