Беларускім рэгіёнам паабяцалі даць больш самастойнасці

20.10.2010 12:02
Архив Редакция

Беларусь мяняе палітыку ў дачыненні да рэгіёнаў. Ім даецца ўсё больш самастойнасці, і цяпер галоўнае, каб яны былі гатовыя ёю скарыстацца. Такое меркаванне выказала ў ходзе адкрыцця Тыдня ўстойлівага развіцця ў Беларусі загадчыца сектару Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Вярцінская.

«Упершыню за доўгія гады дзяржава змяняе палітыку ў дачыненні да рэгіёнаў. Калі раней акцэнт рабіўся на пераразмеркаванне рэсурсаў з цэнтру і адміністрацыйную сістэму кіравання з вельмі моцнай «вертыкаллю», то сёння ён ссоўваецца ў бок «гарызанталі» і мясцовага самакіравання», — адзначыла эксперт, якая займаецца вывучэннем эканамічных аспектаў ўстойлівага развіцця беларускіх рэгіёнаў.

Па словах Таццяны Вярцінскай, аб гэтым сведчыць шэраг пастаноў і праграмаў, прынятых урадам за апошнія гады і накіраваных на развіццё малых і сярэдніх гарадоў, перадае «Ежедневник».

«Аднак, нягледзячы на стварэнне спрыяльных ўмоваў, на мноства льготаў для рэгіянальнага бізнэсу, аналіз паказвае, што рэгіёны не развіваюцца пакуль у той ступені, у якой гэта чакаецца, — дадала спецыялістка. — Людзі не адклікаюцца на прапанаваныя льготы, выяўляюць вельмі мала ініцыятывы».

Эксперт: мясцовыя ўлады ўспрымаюць ініцыятыву людзей у штыкі

Такую сітуацыю спецыялістка тлумачыць стэрэатыпамі, якія складана пераадолець, адсутнасцю ў беларускім грамадстве традыцыі аб’ядноўвацца ў нейкія недзяржаўныя структуры для вырашэння існых праблемаў, нізкім узроўнем актыўнасці.

Але нават там, дзе людзі ўжо могуць дзейнічаць, мясцовыя ўлады ўсё яшчэ актыўна не хочуць ім гэтага дазволіць, лічыць Таццяна Вярцінская.

Так, напрыклад, многія з удзельнікаў сумеснага праекту ПРААН і ЕС «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні», якая падтрымала фінансава каля 70 мясцовых ініцыятыў, казалі аб адсутнасці разумення з боку мясцовых уладаў. Некалькі прасунутых старшыняў гар- і аблвыканкамаў, па словах Таццяны Вярцінскай, падтрымалі ідэі мясцовых актывістаў, аднак большасць іх калег сустрэлі ініцыятыву «знізу» прахалодна або ўспрынялі яе ў штыкі.

«Мясцовыя ініцыятывы ў большасці сваёй стаяць сёння ў баку ад мясцовых уладаў, — пракаментавала гэтую сытуацыю Тацяна Вярцінская. — Улады таксама цураюцца ўдзелу ў такіх праектах. Іх можна зразумець: за шыльдай ПРААН і ЕС ім да гэтага часу бачыцца штосьці занадта дэмакратычнае, што можа паўплываць на асновы нашай дзяржаўнай сістэмы».

Как вам новость?
Головоломки