"Белавія" страціла 100 тыс. даляраў праз вывяржэнні вулкана ў Ісландыі

05.11.2010 17:19
Архив Редакция

Нацыянальная авіякампанія Беларусі "Белавія" палічыла памер стратаў, панесеных праз вывяржэнні вулкана ў Ісландыі ў красавіку гэтага года. Па словах генеральнага дырэктара кампаніі Анатоля Гусарава, у сувязі з тым, што авіязносіны ў многіх частках свету былі прыпынены, "Белавія" страціла каля 300 млн. рублёў. (99,3 тыс. даляраў).

«Цэлы шэраг рэйсаў мы вымушаны былі адмяняць, пераносіць, выконваць абыходныя маршруты. Гэта было не так істотна. Атрымлівалася так, што калі закрываўся паўночна-заходні рэгіён, у нас у гэты дзень не было рэйсаў у Лондан. Потым воблака сыходзіла на поўдзень, Францыя і Італія зачыняліся — у гэтыя дні ў нас там не было рэйсаў. Нам даволі-ткі шанцавала», — цытуе Анатоля Гусарава «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах гендырэктара, кампанія звярталася да беларускага ўрада, каб дзяржава пакрыла страты. Аднак, гэтае пытанне вырашанае не было. Зрэшты, Анатоль Гусараў адзначыў, што кампанія не стала настойваць на сваіх патрабаваннях.

Як паведамляў Тэлеграф, 14 красавіка ў Ісландыі адбылося буйное вывяржэнне вулкана, размешчанага каля ледавіка Эйяф’ялаекюль. У выніку ўтварыліся велізарныя аблокі вулканічнага попелу, які можа сур’ёзна пашкодзіць рухавікі самалёта. Па гэтай прычыне сотні рэйсаў у Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі былі адмененыя.

Как вам новость?
Головоломки