БелДІЭ: ААЦ засакрэціў дадзеныя аб ргістрацыі сайтаў

02.06.2010 14:52
Архив

Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі засакрэціць дадзеныя аб рэгістрацыі сайтаў. Пра гэта паведамілі ў Беларускай Дзяржаўнай інспекцыі электрасувязі (БелДІЭ), адмовіўшыся даць інфармацыю пра тое, колькі ўжо сайтаў было зарэгістравана.

«Мы не даем ніякіх каментароў. Кіраўніцтва сказала нам, што звесткі гэтыя сакрэтныя, мы іх перадаем ў Аператыўна-аналітычны цэнтр. Таму як яны будуць імі распараджацца — трэба звяртацца да іх», — заявілі ў БелДІЭ, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі» .

Згодна з указам аб інтэрнэце, усе правайдары да першага ліпеня павінны перанесці сваіх карыстальнікаў у беларускія дата-цэнтры і зарэгістраваць іх у БелДІЭ, а таксама зарэгістраваць усе скрыні электроннай пошты, размешчаныя на беларускіх серверах.

Як кажуць эксперты, прайсці дзяржаўную рэгістрацыю давядзецца двум мільёнам паштовых скрынь і 50 тыс. сайтаў. Зарэгістраваць іх усе да першага ліпеня не ўяўляецца магчымым, лічыць кіраўнік hoster.by Сяргей Павалішаў.

«На мінулым тыдні казалі, што не зарэгістравана ні воднага сайта. На працягу чэрвеня каля 30 тыс. сайтаў будзе пададзена на рэгістрацыю і таксама ўсе электронныя скрыні. Напрыклад, «Актыўныя тэхналогіі» заявілі, што ў іх каля двух мільёнаў скрыняў. Калі БелДІЭ будзе хаця б праглядаць гэтыя заявы, то відавочна, што месяца дакладна не хопіць», — заявіў спецыяліст.

Падлубны: незразумела, якая выгада ад гэтага ўсяго дзяржаве

У сваю чаргу, як распавёў ініцыятар збору подпісаў за адмену ўказу аб інтэрнэце Андрэй Падлубны, рэгістрацыя сайтаў на беларускіх серверах робіць невыгодным размяшчэнне для фізічных асобаў.

«Гэта прывядзе да адтоку іх на замежныя серверы. Гэтыя сайты стануць далей ад беларускай аўдыторыі. Валюта сыдзе за мяжу. Нават проста аплата хостынгу. А гэтыя паслугі маглі б аказваць нашы ўлады, калі б не было новых правілаў. Напрыклад, на 10 тыс. беларускіх сайтаў, у сярэднім, аплата пяць даляраў. Значыць, 50 тыс. даляраў у месяц будзе за мяжу», — адзначыў ён.

Па словах экспертаў, таксама ўзнікае яшчэ шэраг праблемаў: адкуль узяць столькі чалавечых рэсурсаў, каб правесці рэгістрацыю, і дзе размяшчаць дадатковыя серверы? «Дата-цэнтр «Белтэлекама», які з’яўляецца адзіным нармальным дата-цэнтрам у Беларусі, перапоўнены. Дзе будуць усталёўвацца серверы, невядома. І, зразумела, месцы ў беларускіх дата-цэнтрах каштуюць нашмат даражэй, чым у замежных», — адзначыў адзін з юрыстаў hoster.by.

Між тым, Андрэй Падлубны падкрэслівае, што таксама гэта нагрузка на вылічальную тэхніку і на людзей, якія будуць збіраць базу. «Гэта шматмільённыя выдаткі. А якая выгада дзяржаве — незразумела. Што ж тычыцца бясплатных хостынгаў, то, хутчэй за ўсё, яны знікнуць», — лічыць ініцыятар адмены ўказу № 60.

Мінсувязі пачула заўвагі па рэгістрацыі паштовых скрыняў

На канферэнцыі «Байнэт 2.4» прадстаўнікі міністэрства сувязі і інфарматызацыі, заявілі, што пачулі заўвагі з нагоды рэгістрацыі паштовых скрыняў і цяпер вывучаюць гэтае пытанне.

«На працягу двух дзён пытанне аб рэгістрацыі паштовых скрыняў будзе вырашана. Мы пачулі ўсе заўвагі і будзем выпрацоўваць сваю пазіцыю, якая ўжо не зменіцца», — паабяцалі прадстаўнікі міністэрства.