Белгідрамет: спёка ў Беларусі пойдзе на спад 18-19 жніўня

12.08.2010 09:07
Архив Редакция

Начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітры Рабаў заявіў, што спёка ў Беларусі паступова пойдзе на спад, пачынаючы з 18-19 жніўня. Па словах спецыяліста, у гэтыя дні дзённая тэмпература паветра ў краіне будзе складаць 23-29 градусаў, пры ападках знізіцца да 18-22 градусаў, а ноччу апусціцца да 10-17 градусаў.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у апошняй дэкадзе жніўня надвор’е ў Беларусі будуць фармаваць атлантычныя цыклоны, у сувязі з чым яно пераладзіцца на восеньскі лад месцамі па Беларусі будуць праходзіць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра днём будзе вагацца ў межах 18-25 градусаў, перадае БелаПАН.

Тым часам у найбліжэйшыя дні спякота адступаць не збіраецца. На надвор’е ў Беларусі 12 жніўня будзе аказваць уплыў цёплая і няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з поўдня Еўропы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах туман. Вецер няўстойлівы слабы, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу +14..+20°С, днём +27..+32°С, па паўднёва-ўсходняй палове да +34°С, месцамі па Гомельскай вобласці да +35°С, паведамляе Белгідраметэацэнтр.

У наступныя двое сутак тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца пад уплывам шырокага антыцыклону з цэнтрам над Верхняй Волгай, па перыферыі якога ў межы нашай краіны з чарназёмных раёнаў Расіі зноў пачне паступаць гарачае трапічнае паветра. Чакаецца далейшае ўзмацненне спёкі. У асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі, пры навальніцах парывісты вецер, распавялі сіноптыкі.

Тэмпература паветра: 13 жніўня ноччу +16..+23°С, днём +29..+34°С, па паўднёвым усходзе да 37°С; 14 жніўня ноччу +18..+24°С, днём +31..37°С, па паўднёвым усходзе да +39°С.

Как вам новость?