"Белнафтахім" абмяжуе продаж паліва на запраўках

22.03.2011 16:52
Архив Редакция

Дзяржаўны канцэрн "Белнафтахім" мае намер распачаць меры для недапушчэння павелічэння вывазу за мяжу бензінаў і дызельнага паліва, набытых на беларускіх аўтазаправачных станцыях (АЗС). З гэтай мэтай у бліжэйшы час канцэрн можа абмежаваць колькасць паліва, якое адпускаецца на АЗС.

Апошнім часам павялічылася колькасць якаснага беларускага паліва, якое вывозіцца за мяжу і рэалізуецца на АЗС краіны. Як растлумачылі ў канцэрне «Белнафтахім», гэта звязана з розніцай у цэнах на аўтамабільнае паліва ў Беларусі і сумежных дзяржавах.

Так, па звестках «Белнафтахіма» на 18 сакавіка, кошт літра дызельнага паліва ў Літве перавышае цану на беларускіх АЗС на 85%, у Латвіі — на 92%, у Польшчы — на 80%, ва Украіне — на 21%. Кошт бензіну АІ-95 на АЗС у Літве вышэйшы, чым у Беларусі, на 61%, у Латвіі — на 57%, у Польшчы — на 53%, ва Украіне — на 7%. Літр бензіну АІ-92 ва Украіне на 18% даражэйшы, чым у Беларусі, літр бензіну Н-80 — на 20%.

На фоне гэтага, па дадзеных «Белнафтахіма», у студзені-лютым 2011 года рост рэалізацыі дызельнага паліва на АЗС канцэрну склаў 128% да аналагічнага перыяду мінулага года. На прыгранічных АЗС Берасцейскай вобласці тэмп росту рэалізацыі дызельнага паліва склаў 153%, у Віцебскай вобласці — 127%, у Гомельскай — 198%. Зафіксаваны таксама рост продажаў аўтамабільных бензінаў.

У канцэрне растлумачылі, што дадзеная тэндэнцыя «не толькі адмоўна ўплывае на забяспечанасць палівам беларускіх спажыўцоў, але і памяншае магчымасць экспартных паставак нафтапрадуктаў беларускімі нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі». «Дадзенае акалічнасць, па ўзгодненай формуле разліку кошту, прыводзіць да павелічэння кошту расійскай нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, што негатыўна адбіваецца на рэнтабельнасці работы нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў», — распавялі ў канцэрне.

Паколькі падаткі ад дзейнасці НПЗ з’яўляюцца важным артыкулам даходаў дзяржбюджэту, ад незаконнай дзейнасці грамадзян, якія вывозяць паліва за межы Беларусі, матэрыяльная шкода наносіцца большасці беларусаў.

«Безумоўна разумеючы, што Беларусь з’яўляецца транзітнай дзяржавай, і гарантуючы поўную забяспечанасць насельніцтва рэспублікі аўтамабільным палівам па ўмераных цэнах, канцэрн «Белнафтахім» вымушаны прымаць меры, якія адпавядаюць сітуацыі, для недапушчэння далейшага павелічэння вывазу за мяжу бензінаў і дызпаліва, набытых на АЗС рэспублікі, і прычынення шкоды эканоміцы краіны», — рэзюмавалі ў «Белнафтахіме».

Как вам новость?