"Белнафтахім" не выключае павышэння коштаў на бензін

12.05.2011 17:25
Архив Редакция

У Беларусі можа падаражэць бензін, калі "супадуць пэўныя прычыны і ўмовы". Пра гэта заявіла прэс-сакратарка канцэрну "Белнафтахім" Марына Касцючэнка. Як заўважыла спецыялістка, "павышэнне або зніжэнне коштаў — гэта не планаваная акцыя". Аднак яна не выключае, што ў хуткім часе кошты сапраўды зменяцца.

Марына Касцючэнка нагадала, што чуткі пра павышэнне цэнаў узнікалі яшчэ ў красавіку, але гэтага не адбылося, перадае БелаПАН.

Раней «Белнафтахім» называў прычыны, якія могуць выклікаць падаражэнне. Гэта павышэнне цэн на сыравіну, дысбаланс коштаў з суседнімі краінамі, падатковая нагрузка ў выглядзе акцызаў, павелічэнне тарыфаў на электраэнергію і газ, а таксама транспартныя выдаткі.

«Улічваючы ўсе згаданыя акалічнасці, канцэрн «Белнафтахім» вымушаны прымаць меры для выраўноўвання дысбалансу цэн і павышэння эфектыўнасці дзейнасці НПЗ пры рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. У адпаведнасці з сітуацыяй прымаецца рашэнне аб змяненні цэн на нафтапрадукты», — заявілі ў канцэрне.

Як раней паведамляў Тэлеграф, за красавік бензін у Беларусі падаражэў на 23,2%. Гэта самае значнае падаражэнне сярод нехарчовых тавараў. Аўтамабілісты ўжо не раз праводзілі акцыі супраць падаражэння паліва.

Как вам новость?
Головоломки