Белстат: 473 прадпрыемствы прынеслі Беларусі страты ў 140 млн. даляраў

16.03.2010 13:42
Архив

У Беларусі чыстыя страты за студзень 2010 года атрымалі 473 прамысловыя прадпрыемствы. Гэта складае 23,9% ад агульнай іх колькасці. Сума чыстай страты стратных прадпрыемстваў прамысловасці склала 408,1 млрд. рублёў (амаль 140 млн. даляраў), ці ў 2,1 разы больш за студзень 2009 года.

У Нацыянальным статыстычным камітэце распавялі, што найбольшыя сумы чыстай страты атрымалі прадпрыемствы паліўнай прамысловасці (279,8 млрд. рублёў), чорнай металургіі (36 млрд. рублёў), машынабудавання і металаапрацоўкі (25,2 млрд. рублёў).

Што да рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, прац, паслуг прамысловых прадпрыемстваў, дык за студзень 2010 года дадзены паказчык склаў 3,8% (за студзень 2009 года — 8,2%), рэнтабельнасць продажаў — 3% (супраць 6,3%).

Вышэй за сярэдні ўзровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, прац, паслуг паказалі на прадпрыемствах медыцынскай прамысловасці (37,5%), хімічнай (18,1%), гарбарнай, футравай, абутковай прамысловасці (16,6%), гонашахтнага і горнаруднага машынабудавання і пад’ёмна-транспартнага машынабудавання (па 16,4%), харчасмакавай прамысловасці (15,2%), прыборабудавання (14,2%), паліграфічнай прамысловасці (13,9%), аўтамабільнай прамысловасці (12,5%), трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання (11,7). Ніжэй за сярэдні — у тэкстыльнай прамысловасці (3%), шкляной і парцаляна-фаянсавай прамысловасці (2%) , прамысловасці будаўнічых матэрыялаў (1,6%), паведамляе АФН.

Стратную рэнтабельнасць зафіксавалі ў лесанарыхтоўчай прамысловасці (мінус 1,5%) , падшыпнікавай прамысловасці (мінус 2,1%) , чорнай металургіі і нафтахімічнай прамысловасці (па мінус 2,2%) , цэлюлозна-папяровай прамысловасці (мінус 3,2%) , мікрабіялагічнай (мінус 16%) , нафтаперапрацоўчай прамысловасці (мінус 22,3%).