Белстат: беларусы сталі купляць больш гарэлкі

20.06.2011 10:18
Архив

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, рэалізацыя гарэлкі ў студзені-траўні гэтага года вырасла на 10,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У агульным аб'ёме продажаў алкагольных напояў доля гарэлкі за гэты перыяд склала 44,3% (4,6 млн дал гарэлкі), у той час як у студзені-траўні 2010 года яна складала 45,4%.

У студзені-траўні гэтага года доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб’ёме раздробнага таваразвароту склала 10,4%. Усяго было рэалізавана алкагольных напояў на 2,5 трлн рублёў.

З пачатку года выраслі таксама аб’ёмы продажаў піва. За першыя пяць месяцаў 2011 гэтага напою было рэалізавана на 23,9% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года — больш за 13,1 млн дал. Доля піва ў агульным аб’ёме продажаў алкаголю склала 12,5% (у 2010 годзе — 11,4%).

За гэты перыяд лікёра-гарэлачных вырабаў было рэалізавана 862,6 тыс. дал (на 43,6% больш, чым за леташні перыяд), вінаградных він — 1,3 млн дал (на 27,2% больш), пладовых він — 6,9 млн дал (на 6,5% больш).

За першыя пяць месяцаў гэтага года было прададзена 146,6 тыс. дал каньяку і брэндзі (на 45,3% больш, чым за леташні перыяд), пеністых вінаў і шампанскага — 500 тыс. дал (на 28,1% больш). У той жа час аб’ёмы продажаў слабаалкагольных напояў за гэты перыяд знізіліся на 26,2%. У параўнанні з леташнімі паказчыкамі. Так, з пачатку года было прададзена толькі 379,6 тыс. дал гэтага віду напояў.