Белстат: другі танкер венесуэльскай нафты абышоўся танней за першы

16.08.2010 14:29
Архив Редакция

У сувязі са зніжэннем коштаў на сусветным рынку кошт нафты, імпартаванай з Венесуэлы ў чэрвені, быў ніжэйшы за травеньскую. У той час як за нафту першай партыі Беларусь плаціла па 656 даляраў за тону, цана нафты другой партыі знізілася да 568 даляраў за тону. Пра гэта паведамілі ў нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі.

Усяго ў Беларусь у траўні-чэрвені 2010 года з Венесуэлы завезлі 114,9 тыс. тон нафты, сярэдняя цана якой склала 629 даляраў за тону. У той жа час сярэдні кошт імпартаванай у студзені-чэрвені нафты з Расіі склаў 396 даляраў за тону. За першае паўгоддзе 2010 года беларускія НПЗ закупілі ў Расіі 6,4 млн. тон нафты, прыкладна палова з якой была ўвезена бяспошлінна, перадае АФН.

У 2010 годзе Беларусь мае права завезці з Расіі 6,3 млн. тон нафты бяспошлінна. Астатні аб’ём нафты падлягае абкладанню 100%-най экспартнай пошлінай, якая ў жніўні складае 263,8 даляры за тону.

Экспартная пошліна на расійскую нафту з 1 верасня вырасце на 9,7 даляра

У той жа час, як паведамляе РИА «Новости», экспартная пошліна на расійскую нафту з 1 верасня 2010 года можа вырасці на 9,7 даляраў за тону.

«Сярэдняя цана маніторынгу з 15 ліпеня 2010 года па 14 жніўня гэтага года склала 76,4 даляра за бараль, і лімітавы ўзровень пошліны можа скласці 273,5 даляра за тону», — паведаміў начальнік зводна-аналітычнага аддзелу міністэрства фінансаў Расіі Аляксандр Саковіч.

На светлыя нафтапрадукты экспартная пошліна складзе 196,5 даляра за тону (у цяперашні час 190 даляраў), на цёмныя нафтапрадукты — 105,9 даляра (цяпер 102,4 даляра). Урад Расіі канчаткова вызначыць стаўкі экспартнай пошліны на нафту ў канцы жніўня.

Как вам новость?
Головоломки