Белстат: дзярждоўг Беларусі з пачатку года павялічыўся на 10,7%

29.04.2011 16:33
Архив Редакция

Па інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за першыя тры месяцы 2011 года дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся на 10,7% і склаў на 1 красавіка 2011 года 42,4 трлн. рублёў у эквіваленце. За сакавік дзярждоўг павялічыўся на 1,5%. Пры гэтым у першым квартале знешні дзярждоўг у рублёвым эквіваленце вырас на 11,8%, за сакавік — на 1,2% да 32,4 трлн. рублёў. Унутраны дзярждоўг на 1 красавіка склаў 9,9 трлн. рублёў, са студзеня павялічыўшыся на 7,3% (на 2,5% за сакавік).

У структуры дзярждоўгу вялікую частку складае доўг цэнтральнага ўрада — 34 трлн. рублёў. З пачатку года ён павялічыўся на 11,4%. Доўг суб’ектаў гаспадарання, гарантаваны ўрадам, склаў 8,4 трлн. рублёў. З пачатку года ён павялічыўся на 7,7% (на 0,1% за сакавік).

Адмоўнае сальда знешняга гандлю дасягнула трох мільярдаў даляраў

Па дадзеных Белстата, за першыя тры месяцы 2011 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі перавысіла тры мільярды даляраў. За аналагічны перыяд 2010 года адмоўнае сальда Беларусі складала ўсяго 1,2 млрд. даляраў. Толькі за сакавік гэтага года адмоўнае сальда перавысіла мільярд даляраў.

Аб’ём знешняга гандлю таварамі ў студзені-сакавіку 2011 года склаў 18,5 млрд. даляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэты паказчык павялічыўся на 57%. Экспарт тавараў павялічыўся на 46,3% і склаў 7,7 млрд. даляраў, у той час як імпарт павялічыўся на 65,7% да 10,7 млрд. даляраў.

З агульнага аб’ёму экспарту пастаўкі ў краіны СНД у першым квартале 2011 года склалі 3,8 млрд. даляраў, павялічыўшыся на 44,3% у параўнанні з студзенем-сакавіком 2010 года. У той жа час у агульным аб’ёме імпарту пастаўкі з краін СНД склалі 6,3 млрд. даляраў, павялічыўшыся на 57,6%. Імпарт з іншых краін за гэты перыяд павялічыліся ў 1,8 раза да 4,4 млрд. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки