Белстат: машынабудаванне і харчовая прамысловасць працуюць са стратамі

19.07.2010 08:55
Архив Редакция

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі ў першым паўгоддзі адзначае спад вытворчасці і стратныя прадпрыемствы ў машынабудаўнічай і харчовай галінах прамысловасці. Па дадзеных Белстата, у машынабудаванні ў першым паўгоддзі са стратамі працавала 113 прадпрыемстваў, а ў харчовай прамысловасці — 49 прадпрыемстваў.

Так, напрыклад, выраблена на 13,4% менш грузавых аўтамабіляў (5927), на 9,6% — аўтобусаў (745), на 19,3% — падшыпнікаў (2,193 млн.), на 6,9% — тэлевізараў ( 228,1 тыс.), на 23,7% — ровараў (58,8 тыс.), на 17,5% — бытавых гадзіннікаў (172,2 тыс.), перадае БелаПАН.

Знізіўся ўзровень вытворчасці лядоўняў і маразільнікаў — на 3,9% (526,2 тыс. штук), рухавікоў унутранага згарання — на 5,9% (39,2 тыс.), трактароў — 2,2% (23 тыс.).

У цэлым жа першым паўгоддзі гэтага года аб’ём вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі павялічыўся на 6,4% у дачыненні да аналагічнага леташняга перыяду і склаў 13,8 трлн. рублёў.

Павялічылася вытворчасць вежавых кранаў — у 2,6 раза (70 штук), грузавых вагонаў — у 1,6 раза (410), асвятляльных электралямпаў — на 16,2% (83,1 млн.), пральных машын — на 33,9% (136,3 тыс.), электрычных бытавых плітаў — на 32,4% (21,7 тыс.).

Аб’ём складскіх запасаў нерэалізаваных металарэзных станкоў амаль у тры разы перавышае сярэднемесячны аб’ём іх вытворчасці, кавальска-прэсавых станкоў — у 1,4 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза, аўтобусаў — у 1,3 раза, падшыпнікаў качэння — у 2,5 разы, бытавых гадзіннікаў — у 38,3 раза.

Па выніках працы ў студзені-траўні стратнымі былі 113 прадпрыемстваў галіны (19,8%). Агульная сума чыстай страты дасягнула 76,3 млрд. рублёў. За такі ж перыяд 2009 года стратнымі былі 136 прадпрыемстваў (23,7%), сума стратаў тады складала 92,6 млрд. рублёў.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, працаў, паслуг за пяць месяцаў 2010 года склала 12,2% супраць 10,4% за студзень-травень 2009 года, рэнтабельнасць продажу — 9,4% (8%).

За студзень-чэрвень 2010 года ў Беларусі назапасілася значная колькасць некаторых відаў прадукцыі. Па дадзеных Белстата, на 1 ліпеня запасы вінаградных вінаў у 1,6 раза перавысілі сярэднемесячны аб’ём вытворчасці, садавінагародніных кансерваў — у 2,7 раза, каньяку — у 3,7 раза.

Па выніках працы ў студзені-траўні 2010 года 49 прадпрыемстваў харчовай прамысловасці (13,1% ад агульнай колькасці) былі стратнымі. Агульная сума стратаў склала каля 48,2 млрд. рублёў. На 1 ліпеня 2009 года стратнымі былі 98 прадпрыемстваў (26,3%), сума стратаў складала 270,6 млрд. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки