Адміністрацыя прэзідэнта: за апошнія 14 гадоў беларусы пачалі піць у два разы больш

09.06.2010 16:14
Архив Редакция

Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі падрыхтаваў матэрыялы па тэме "Узмацненне барацьбы з п'янствам і алкагалізмам", якія прымеркаваныя да чарговага Адзінага дня інфармавання. Эксперты цэнтру ў сваёй працы прыводзяць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, згодна з якім за 14 гадоў беларусы пачалі ўжываць у два разы больш алкаголю.

Адзіны дзень інфармавання пройдзе па ўсёй Беларусі 17 чэрвеня. У сваіх матэрыялах спецыялісты Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру адзначаюць: «На жаль, Рэспубліка Беларусь адносіцца да групы краін з высокім узроўнем спажывання алкаголю. А праблемы п’янства і алкагалізму, а таксама шкоды, што наносіцца гэтай згубнай з’явай, з’яўляюцца для нас вельмі актуальнымі», перадае выданне «Мы».

«Так, па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, аб’ём продажу ўсіх відаў алкагольных напояў павялічыўся за 1995-2009 гады з 6,7 да 12 літраў ў разліку на душу насельніцтва. Колькасць спіртнога, якое прыходзіцца на кожнага жыхара краіны, рэальна яшчэ большае з улікам нелегальнага абароту часткі спіртазмяшчальнай прадукцыі», — гаворыцца ў падрыхтаваных матэрыялах, прысвечаных тэме барацьбы з алкагалізмам.

Эксперты Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы таксама спасылаюцца на дадзеныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая «вызначае крытычны ўзровень ўжывання алкаголю — 8 літраў у пераліку на абсалютны алкаголь на кожнага жыхара краіны ва ўзросце ад 15 гадоў».

«У выпадку перавышэння гэтай рысы адбываецца паступовая дэградацыя нацыі ў дэмаграфічным, сацыяльным, эканамічным і культурным плане, значна пагаршаецца стан яе здароўя і генафонд», — адзначаецца ў працы.

Как вам новость?