Белстат: сярэдні заробак за красавік вырас на 2%

24.05.2010 14:04
Архив Редакция

У Беларусі намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў студзені-красавіку гэтага года склала 1,057 млн. рублёў. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Па дадзеных Белстата, у красавіку сярэдні заробак раўняўся 1,116 млн. рублёў, што на 2% (ці на 21,6 тыс. рублёў) больш у параўнанні з сакавіком 2010 года.

Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата працоўных і службоўцаў за першыя чатыры месяцы цяперашняга года склала 1,078 млн. рублёў, што на 6% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, перадае БелТА.
У Белстаце паведамілі, што рэальная зарплата (разлічаная з улікам росту спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі) у Беларусі ў студзені-красавіку 2010 года павялічылася на 5,9% у параўнанні са студзенем-красавіком 2009 года. Па дадзеных статыстыкі, у красавіку гэтага года ў параўнанні з сакавіком гэты паказчык узрос на 1,3%.
Па статыстычных дадзеных, на прамысловых прадпрыемствах краіны красавіцкая сярэдняя зарплата раўнялася 1,246 млн. рублёў. У будаўнічых арганізацыях яна склала 1,494 млн. рублёў, на прадпрыемствах транспарту — 1,341 млн. рублёў, гандлю і грамадскага харчавання — 1,002 млн. рублёў, у арганізацыях сельскай гаспадаркі — 766,6 тыс. рублёў. 
У арганізацыях аховы здароўя сярэдняя зарплата ў мінулым месяцы склала 836,9 тыс. рублёў, ва ўстановах адукацыі гэты паказчык раўняўся 745,8 тыс. рублёў.
Сярод галін эканомікі самы высокі ўзровень аплаты працы ў красавіку гэтага года склаўся ў паліўнай прамысловасці (1,912 млн. рублёў), у чорнай металургіі (1,899 млн. рублёў), на авіяцыйным транспарце (1,752 млн. рублёў), у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (1,724 млн. рублёў). Самай нізкай працягвае заставацца зарплата ў сацыяльным забеспячэнні (633,5 тыс. рублёў), адзначае Белстат.
Максімальны рост рэальнай налічанай зарплаты ў студзені-красавіку гэтага года да ўзроўню студзеня-красавіка мінулага года забяспечаны ў медыцынскай прамысловасці (114,6%), у арганізацыях навукі і навуковага абслугоўвання, у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (113,7%), лёгкай прамысловасці (113,2%), лясной гаспадаркі (113%). Найменшы гэты паказчык — у чорнай металургіі (84,7%), электраэнергетыцы (97,1%), жыллёва-камунальнай гаспадарцы (100,7%).

Как вам новость?