Белстат: складскія запасы на пачатак ліпеня склалі 1,92 млрд. даляраў

14.07.2010 13:06
Архив Редакция

На 1 ліпеня 2010 года кошт гатовай прадукцыі, размешчанай на складах прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, склаў 5,79 трлн.  рублёў (1,92 млрд. даляраў). Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, гэта на 266,3 млрд. рублёў (88,3 млн. даляраў) менш, чым у траўні гэтага года.

Найбольшы аб’ём складскіх запасаў па-ранейшаму на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі — 2,5 трлн. рублёў (115,4% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці), хаця за чэрвень ён знізіўся на 123,8 млрд. рублёў (4,6%), паведамляе АФН.

Прадпрыемствы чорнай металургіі знізілі аб’ём складскіх запасаў на 23 млрд. рублёў (24,7%) да 70,2 млрд. рублёў.

Аб’ём нерэалізаванай прадукцыі ў лёгкай прамысловасці за чэрвень практычна не змяніўся і склаў 582,6 млрд. рублёў. У харчовай прамысловасці запасы знізіліся на 129,1 млрд. рублёў (10,3%) да 1,1 трлн. рублёў, у прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — на 20,2 млрд. рублёў (6,9%) да 273,4 млрд. рублёў.

У лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці запасы на 1 ліпеня гэтага года склалі 293,8 млрд. рублёў, знізіўшыся за чэрвень на дзевяць мільярдаў рублёў (3%).

У хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці запасы выраслі на 39,4 млрд. рублёў (7,7%) да 551 млрд. рублёў, у паліўнай прамысловасці на 3,5 млрд. рублёў (9,1%) да 41,8 млрд. рублёў.

У цэлым цяперашні аб’ём складскіх запасаў перавышае ўзровень пачатку 2010 года на 327,2 млрд. рублёў (6%). Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці на 1 ліпеня склалі 60,7% супраць 64,8% на 1 чэрвеня і 67,9% на пачатак года.