Па выніках 2010 года будаўнічыя арганізацыі Беларусі выканалі план будаўніцтва жылля толькі на 96,3%, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі. Будаўнічыя арганізацыі ўсіх формаў уласнасці ў мінулым годзе ўзвялі 84,8 тыс. новых кватэраў агульнай плошчай 6,7 млн. квадратных метраў. У параўнанні з 2009 годам увод у дзеянне жылля павялічыўся на 953 тыс. квадратных метраў, або на 16,6%.
Па дадзеных Белстата, у сферы жыллёвага будаўніцтва за год было выкарыстана 12 трлн. рублёў інвестыцый, то бок 22,1% да іх агульнага аб’ёму.
Каля 4,3 млн. квадратных метраў агульнай плошчы пабудавалі для грамадзянаў, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў. З іх 3,3 млн. квадратных метраў пабудавана ў шматкватэрных жылых дамах у гарадах, то бок 86,8% пры гадавым плане ў 80%.
У сельскай мясцовасці ўведзена ў эксплуатацыю больш за 1,6 млн. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, то бок 24% ад агульнага ўводу жылля па рэспубліцы. У 2009 годзе доля узведзенага жылля ў сельскай мясцовасці складала 24,8%.