Белстат: за паўгады сярэдні заробак вырас на 8,1%

22.07.2010 12:08
Архив Редакция

Рэальная заработная плата, разлічаная з улікам росту спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі, у Беларусі ў студзені-чэрвені 2010 года павялічылася на 8,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У параўнанні з траўнем 2010 года рост заробку склаў 6,4%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

Налічаны сярэдні заробак працаўнікоў Беларусі ў чэрвені 2010 года склаў 1,23 млн. рублёў (у траўні — 1,15 млн. рублёў), рабочых і службоўцаў — 1,25 млн. рублёў (у траўні — 1,17 млн. рублёў). Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата працаўнікоў Беларусі ў чэрвені 2010 года павялічылася ў параўнанні з траўнем 2010 года на 6,6%, або на 76,6 тыс. рублёў.

На прамысловых прадпрыемствах сярэдні заробак ў чэрвені 2010 года склаў 1,35 млн. рублёў, у будаўнічых арганізацыях — 1,68 млн., у арганізацыях транспарту — 1,48 млн. рублёў, сельскай гаспадаркі — 831,6 тыс. рублёў, гандлю і грамадскага харчавання — 1,04 млн. рублёў, аховы здароўя — 990,4 тыс. рублёў (у тым ліку лекараў — 1,69 млн. рублёў, сярэдняга медыцынскага персаналу — 984,3 тыс. рублёў), ва ўстановах адукацыі — 874, 1 тыс. рублёў (у тым ліку настаўнікаў — 965,5 тыс. рублёў, прафесарска-выкладчыцкага складу — 2,15 млн. рублёў).

Самае значнае павелічэнне рэальнай заработнай платы ў першым паўгоддзі 2010 года назіраецца на прадпрыемствах медыцынскай прамысловасці (118,3% да ўзроўню студзеня-чэрвеня 2009 года), хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (116%), лясной гаспадаркі (116,5%), лёгкай прамысловасці (114,7%), у сферы навукі і навуковага абслугоўвання (114,6%).