Белстат: запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах вырасла да 380 млн. даляраў

21.09.2010 14:33
Архив Редакция

На 1 жніўня 2010 года пратэрмінаваная запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў па крэдытах і пазыках склала 1,1 трлн. рублёў. З пачатку года яна павялічылася на 26,3%, у тым ліку на 4,3% за чэрвень. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі.

Больш за ўсё запазычылі прадпрыемствы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Так, пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках сельскагаспадарчых арганізацый дасягнула 489 млрд. рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 47,2%. Пратэрмінаваныя крэдыты прамысловых прадпрыемстваў склалі 496,3 млрд. рублёў — гэта на 17,1% больш, чым на пачатку года.

Прадпрыемствы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту не пагасілі своечасова доўг у 93 млрд. рублёў, прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання — 14 млрд. рублёў. Пратэрмінаваная запазычанасць жыллёва-камунальнай гаспадарка складае 5,5 млрд. рублёў, транспартных прадпрыемстваў — 7,8 млрд. рублёў. Пратэрмінаваная запазычанасць будаўнічых арганізацый склала 2,1 млрд. рублёў, прадпрыемствы сувязі — 0,2 млрд. рублёў, перадае АФН.

Па дадзеных Белстата, з пачатку года агульны аб’ём выдадзеных крэдытаў і пазык эканомікі Беларусі павялічыўся на 11,8%, у тым ліку за чэрвень на 3,6%. Такім чынам, на 1 жніўня 2010 года ён склаў 65,1 трлн. рублёў.

На долю прамысловасці прыпадае 31,2 трлн. рублёў запазычанасці па крэдытах і пазыках, сельскай гаспадаркі — 16,5 трлн. рублёў, гандлю і грамадскага харчавання — 4,3 трлн. рублёў. Прадпрыемствы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту запазычылі 3,9 трлн. рублёў, будаўнічыя арганізацыі — 3,2 трлн. рублёў. Прадпрыемствы транспарту павінны крэдыторам 1,6 трлн. рублёў, прадпрыемствы сувязі — 0,9 трлн. рублёў, жыллёва-камунальная гаспадарка — 0,8 трлн. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки