"Белтэлекам" абяцае пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС бясплатны інтэрнэт

26.04.2011 15:21
Архив Редакция

Гомельскі філіял прадпрыемства "Белтэлекам" у сувязі з 25-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС вырашыў правесці дабрачынную акцыю для жыхароў Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў. Жыхарам гэтых раёнаў, якія на тэрыторыі Беларусі найбольш забруджаныя радыёнуклідамі, прапануецца бясплатна карыстацца інтэрнэтам на працягу месяца.

Як патлумачыла спецыялістка па маркетынгу аддзела прасоўвання паслуг Гомельскага філіяла «Белтэлекама» Наталля Кароль, жадаючыя могуць з 25 па 29 красавіка падключыцца да інтэрнэту на любы тарыфны план byfly. Першы месяц доступу да інтэрнэту ім дадуць бясплатна ў аб’ёме тарыфнага плану.

«Урокі Чарнобыля паказалі, што пераадоленне такой трагедыі патрабуе вялікіх сродкаў і рэсурсаў, значнага часу. Людзі, што жывуць у забруджаных раёнах, перасталі быць ахвярамі і актыўна імкнуцца вярнуць сюды жыццё. Гомельскі філіял хоча ўнесці, такім чынам, свой уклад у развіццё інфраструктуры пацярпелых рэгіёнаў», — цытуе БелаПАН спецыялістку.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, сёння, 26 красавіка, спаўняецца роўна 25 гадоў з дня найбуйнейшай ядзернай катастрофы ў свеце — аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. АЭС была пабудавана паблізу горада Прыпяць, у 18 кіламетрах ад горада Чарнобыль, у 16 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю і ў 110 кіламетрах ад Кіеву.

У Мінску пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС выплацілі 348 млн. даляраў

За студзень-сакавік 2011 года жыхары беларускай сталіцы, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, атрымалі каля 10,6 млрд. рублёў (348 млн. даляраў) кампенсацыйных выплат. Пра гэта паведамілі ў Мінгарвыканкаме.

У рамках Дзяржпраграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года праводзяцца мерапрыемствы па сацыяльнай абароне, медыцынскім забеспячэнні, санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні пацярпелага насельніцтва, а таксама па сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў у галіне будаўніцтва жылля.

Напрыклад, за студзень — сакавіка 2011 дзесяць непрацуючых інвалідаў I і II групы, а таксама два дзіцяці-інваліды прайшлі аздараўленне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Агульная сума выдаткаў на аздараўленне склала 16,2 млрд. рублёў. Акрамя таго, у 2011 годзе таксама плануецца будаўніцтва сямі кватэр агульнай плошчай у 333,7 квадратных метраў за сродкі, што накіроўваюцца на пераадоленне наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Цяпер у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінску на ўліку знаходзіцца 3,092 тыс. удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на АЭС і 1,903 тыс. інвалідаў, якія пацярпелі ў выніку аварыі, з іх 190 — непаўналетнія.

Міліцыя перашкаджала асвятляць наведванне забруджаных рэгіёнаў Гомельшчыны

Актывісты гомельскай кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл, аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады Фронт» 25 красавіка правялі паездку па раёнах Гомельскай вобласці, якія больш за ўсё пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны наведалі Брагін, Хойнікі, Нароўлю, Карму, Чачэрск і Ветку, дзе ўсклалі кветкі да помнікаў адселеным вёскам і ліквідатарам аварыі.

Паездку арганізавалі для таго, каб даведацца, як жывуць людзей у гэтых раёнах, якія праблемы хвалююць мясцовых жыхароў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». «Улады перашкод не стваралі, толькі падчас амаль усёй паездкі нас суправаджалі супрацоўнікі ДАІ і здымалі на відэа невядомыя аператары ў цывільным. Пабывалі мы і ў адселеных вёсках. Жыхары вёскі Сабалі Брагінскага раёна скардзіліся, што да іх вельмі рэдка прыязджае аўталаўка і няма магчымасці дзяцей вадзіць у школу. У Брагіне мясцовая моладзь наракала на тое, што немагчыма знайсці нармальную працу», — распавёў актывіст Руху «За Свабоду» Уладзімір Кацора.

У ходзе паездкі апазіцыянеры распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя 25-й гадавіне аварыі на ЧАЭС. У Чачэрску супрацоўнікі міліцыі пыталіся ў прысутных там журналістаў Мікалая Бенькі і Юліі Сівец пра мэты прыезду ў горад і запатрабавалі прад’явіць пашпарты. Міліцыянты спачатку патлумачылі, што праверка дакументаў звязана з тэрактам у Мінску, а затым — што шукаюць распаўсюднікаў улётак, якія чытаюць мясцовыя жыхары. Затым журналістаў вызвалілі.

Как вам новость?
Головоломки