"Белтэлекам" на дзьве ночы адключыць некаторыя сайты

07.07.2010 09:08
Архив Редакция

РУП "Белтэлекам" у ноч з шостага і восьмага ліпеня плануе адключэнні сервераў у дата-цэнтрах, праз што некаторыя беларускія рэсурсы могуць быць недаступныя. "Адключэнні будуць часовымі і выпадуць далёка не ўсе сайты", - паведаміў кіраўнік прэс-службы кампаніі Аляксей Федарынчык.

«Прамежак заяўленых планавых працаў з 00:00 да 06:00 раніцы. Гэта не значыць, што ўвесь час будуць адключаныя. Магчыма, завершацца працы раней», — расказаў прадстаўнік Белтэлекама, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах Аляксея Федарынчыка, у гэты час плануецца мадэрнізаваць і ўдасканаліць сетку энергазабеспячэння. «Зразумела, што выпадуць шостага і восьмага ліпеня далёка не ўсе сайты», — адзначыў прадстаўнік кампаніі, дадаўшы, што «такія працы неабходна праводзіць, а адключэнні будуць толькі часткова і толькі ў адным дата-цэнтры на вуліцы Захарава».