"Белтэлекам" пабудаваў катастрофаўстойлівы ЦАД

03.02.2011 11:33
Архив Редакция

РУП "Белтэлекам" завяршыў будаўніцтва цэнтра апрацоўкі дадзеных (ЦАД) у катастрофаўстойлівым выкананні. Пра гэта паведаміў кіраўнік кампаніі Канстанцін Цікар. "Ён скончаны, гэты ЦАД знаходзіцца ў стадыі прыёма-здатачных выпрабаванняў — ён сапраўды зроблены ў катастрофаўстойлівым выкананні. Ён пакуль выконвае функцыю рэзервовага ЦАД — гэта правільна, трэба мець рэзервовую копію ўсіх дадзеных, якія захоўваюцца", — лічыць кіраўнік "Белтэлекама". 

Па словах Канстанціна Цікара, рэзервовы ЦАД размешчаны ў спецыяльным памяшканні, пабудаваным па прынцыпе абароненага аб’екту, і валодае сістэмай жыццезабеспячэння нават на выпадак асаблівых перыядаў, перадае TTT.BY.

Упершыню планы па будаўніцтву звышабароненага цэнтра апрацоўкі дадзеных «Белтэлекам» апублікаваў у 2008 годзе.

Канстанцін Цікар лічыць, што з’яўленне аб’екта можа выклікаць цікавасць да хостынгу ў Беларусі ў замежных кампаній: «Наяўнасць двух разнесеных і рэзервовага Цада прывядзе да таго, што цікавасць у іншых дзяржаў да гэтага паўстане, магчыма, нейкія небеларускія рэсурсы будуць размяшчацца ў нас. Мы плануем працягваць развіццё гэтага Цада не толькі як рэзервовага, але і для захоўвання дадзеных любых спажыўцоў».

Кіраўнік кампаніі таксама пракаментаваў рэзанансныя адключэнні Цадаў на ноч летам 2010 года ў сувязі з мадэрнізацыяй сістэмы сілкавання: «Уявіце, там (у Цадах) велізарнае спажыванне магутнасці. Як можна ўсё гэта пераключыць наогул без перапынку? Проста немагчыма. Але гэта ж не робіцца раз на месяц ці раз на год — гэта робіцца раз на некалькі гадоў. Вычарпалася магутнасць, якая была спачатку — мы не ведалі, колькі будзе спажыўцоў, колькі будзе стаяць абсталявання. Па нашых тагачасных прыкідках, павінна было хапіць магутнасці тых падстанцый і крыніц гарантаванага сілкавання, але ў нейкі момант ўбачылі, што ўсё: яшчэ адно пашырэнне і ўсё гэта ляжа».

«Натуральна, трэба было зрабіць рэканструкцыю крыніц энергіі. Але там такія магутнасці — там мегават спажываецца ўжо! Таму, натуральна, цяжкасці нейкія былі… Але ж усё гэта (мадэрнізацыя) адбылося без страты дадзеных, вось гэта самае галоўнае — дадзеныя не былі страчаны», — падкрэсліў Канстанцін Цікар.

Сёння «Белтэлекам» прапануе паслугі размяшчэння сайтаў у двух буйных сталічных Цадах і сеткі ЦАД у абласных цэнтрах. Кампанія не анансавала паслугі размяшчэння інфармацыі ў катастрофаўстойлівым ЦАД.

Как вам новость?
Головоломки