"Белтэлекам" запусціў у Мінску першы фрагмент сеткі WiMAX

31.03.2010 13:25
Архив Редакция

«Белтэлекам» абвясціў 31 сакавіка пра пачатак тэстава-камерцыйнай эксплуатацыі сеткі бесправоднага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт WiMAX у Мінску. Як адзначылі ў прэс-службе аператара сувязі, "на першым этапе сетка стандарту IEEE 802.16e пабудавана на падставе 22 базавых станцый, якія працуюць у дыяпазоне частот 3,5 Ггц".

«Радыус дзеяння кожнай з 22 станцый складае каля кіламетру. У залежнасці ад шчыльнасці забудовы пакрыццё тэрыторыі радыёсігналам можа звужацца», — папярэдзілі ў прэс-службе аператара.

«Бесправадны шырокапалосны доступ у інтэрнэт на базе тэхналогіі WiMAX будзе прадстаўлены гандлёвай маркай byfly. Абанентам (у першыя часы — фізічным асобам) прапанаваны тарыфныя планы byfly «Плюс 1», «Плюс 2», «Дамасед Плюс» і «Дамасед XXL»», — гаворыцца ў прэс-рэлізе «Белтэлекама».

У прэс-службе правайдара таксама распавялі, што доступ у інтэрнэт у сеткі WiMAX можна атрымаць з дапамогай USB-мадэмаў. «Яны будуць выдавацца абанентам пры заключэнні дамовы на ўвесь час яе дзеяння. Для кліентаў, якія ўпершыню стануць выкарыстоўваць WiMAX, прадугледжаны тэставы перыяд», — адзначаецца ў паведамленні «Белтэлекама».

Даведка:

WiMAX (ангел. Worldwide Interoperability for Microwave Access) — тэлекамунікацыйная тэхналогія, створаная для надання абанентам паслуг сувязі на вялікіх адлегласцях, у тым ліку і шырокапалоснага бесправоднага доступу ў інтэрнэт. WiMAX дазваляе падлучыцца абанентам да сеткі інтэрнэт на хуткасці да 15 Мбіт/с у радыусе 1 кіламетру. Патэнцыял тэхналогіі дазваляе ствараць бесправодныя высакахуткасныя сеткі ў маштабах гарадоў, не прывязваючы карыстальнікаў да пэўнай геаграфічнай кропкі. WiMAX працуе ў дыяпазоне радыёхваль ад 1,5 да 11 Ггц, у якіх рэалізаваныя стандарты для фіксаванага (стандарт IEEE 802.16d) і мабільнага (стандарт IEEE 802.16e) WiMAX.

Как вам новость?
Головоломки