Былы міліцыянт расстраляў сваю сям'ю і застрэліўся сам

18.01.2011 16:40
Архив Редакция

У Шчучыне Гарадзенскай вобласці праваахоўныя органы разглядаюць крымінальную справу па факце замаху на забойства і забойства, здзейсненае былым супрацоўнікам міліцыі. Увечары 13 студзеня 39-гадовы жыхар Шчучыну падчас сваркі з жонкай дастаў з сейфа паляўнічую стрэльбу ІЖ-43ЕМ 12 калібра і стрэліў у сваю 31-гадовую жонку і трохгадовую дачку. Пасля гэтага мужчына скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву з той жа стрэльбы.

Параненых ахвяраў былога міліцыянта даставілі ў раённую лякарню. Дзяўчынка не перажыла ў шпіталі і сутак — памерла ў рэанімацыйным аддзяленні на наступны ж дзень. Яе маці ў цяперашні час знаходзіцца ў цяжкім стане, перадае БелаПАН.

Старшы памочнік пракурора Гарадзенскай вобласці Вячаслаў Ігнацік паведаміў, што мужчына, які жорстка расстраляў сваю сям’ю, з 1992 да 2008 года служыў у органах унутраных спраў, займаў розныя пасады ў Шчучынскім раённым аддзеле дэпартаменту аховы МУС. У сакавіку 2008 года ён па ўласным жаданні звольніўся з міліцыі і два гады адпрацаваў егерам у Шчучынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўнага аб’яднання БООР.

Па словах Вячаслава Ігнаціка, на ўліку ў лекара-нарколага і псіхіятра мужчына не стаяў. Меў запазычанасці па банкаўскіх крэдытах. У цяперашні час следства высвятляе матывы і ўмовы здзяйснення забойства сям’і, а таксама самагубства мужчыны.

Как вам новость?
Головоломки