Былыя члены ПБНФ ствараюць "партызанскі атрад"

23.03.2011 16:32
Архив Редакция

Былыя сябры Партыі БНФ, якія стварылі аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларускі рух", не маюць намеру рэгістраваць новую палітычную арганізацыю ў міністэрстве юстыцыі. Дадзенае рашэнне прынята для таго, каб спісы членаў партыі, пададзеныя ў мінюст, не сталі вядомыя КДБ, заявіў сябра аргкамітэту Віктар Івашкевіч.

«Пісаць нейкія паперы фактычна ў КДБ, падаючы туды спісы сваіх актывістаў, абсалютна бессэнсоўна і абсурдна. Рэгістраваць у «гестапа партызанскага атраду», падаючы спісы сваіх членаў і адрасы явак — гэта абсурд», — цытуе палітыка «Еўрапейскае радыё ў Беларусі».

Ён растлумачыў, што аргкамітэт можа скласці спісы членаў арганізацыі, правесці ўстаноўчы сход і падрыхтаваць патрэбныя для рэгістрацыі партыі дакументы. Аднак гэта будзе зроблена, па словах Віктара Івашкевіча, толькі пасля змены ў Беларусі палітычнай сітуацыі, калі міністэрства юстыцыі стане «нармальным» і ўлады краіны забяспечаць свабоду слова, сходаў і саюзаў.

Як адзначыў палітык, ідэя заставацца «аргкамітэтам па стварэнні партыі» паўстала нядаўно, спачатку ж сябры «Беларускага руху» збіраліся дамагацца афіцыйнай рэгістрацыю партыі. Віктар Івашкевіч таксама заявіў, што члены арганізацыі гатовы да прэвентыўных рэпрэсіўных мераў, якія могуць быць ужытыя ў дачыненні да іх.

«Але на сённяшні дзень гэтыя прэвентыўныя меры магчыма ўжыць толькі ў дачыненні да некалькіх чалавек, якія публічна ў СМІ выступаюць пад гэтай назвай. Але гэта не тычыцца тых сотняў актывістаў, якія на сённяшні дзень ёсць і якія будуць далучацца да працы. Іх прозвішчы пад дзейнасцю незарэгістраванай арганізацыі не «свецяцца». А такія, як Вячорка (экс-старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і яго сын Франак, які ўзначальваў моладзевае крыло ПБНФ — Тэлеграф), я, Хадыка (былы намеснік старшыні ПБНФ Юры Хадыка — Тэлеграф) — даўно «пад сякерай» ходзім і прывыклі», — заўважыў Віктар Івашкевіч.

Ён таксама нагадаў, што цяпер аргкамітэт пачаў кампанію «Байкот рэжыму!» таму рацыянальна займацца ёй, а не марнаваць сілы на спробы рэгістрацыі структуры, бо ў цяперашніх умовах яны нікому не патрэбныя, лічыць палітык.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, у кіраўніцтва ПБНФ паўсталі рознагалоссі са сваёй мінскай арганізацыяй, якую ўзначальваў Віктар Івашкевіч. У сувязі з гэтым каля ста актывістаў Партыі БНФ заявілі аб сваім выхадзе з яе, а 11 лютага яны ўтварылі арганізацыйны камітэт па стварэнні новай палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, якая атрымала працоўную назва «Беларускі рух».