Былога галоўнага фінансавага следчага Беларусі пасадзілі на тры гады

23.05.2011 10:35
Архив Редакция

Суд Цэнтральнага раёна Мінску вынес прысуд былому начальніку следства дэпартаменту фінансавых расследаванняў камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі падпалкоўніку Дзмітрыю Адамовічу. Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады.

Яго сяброўку, начальніцу ўпраўлення прадпрымальніцтва і ліцэнзавання камітэту эканомікі Мінаблвыканкама Ірыну Ільюкевіч за хабарніцтва і махлярства суд прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй. Браты Кунцэвічы, якія на думку суда вымагалі хабар для Дзмітрыя Адамовіча і Ірыны Ільюкевіч, атрымалі па 3 і 3,5 гады пазбаўлення волі.

Двум бізнэсоўцам, якія сталі аб’ектам вымагальніцтва хабараў, суд вынес прысуд у выглядзе 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы абмежаваньня волі, перадае «Ежедневник».

Адамовіч не прызнаў сваёй віны

Дзмітры Адамовіч заявіў, што следства хацела «скампрамэтаваць мяне як службовую асобу ДФР». «На працягу ўсяго следства з мяне не здымаліся падазрэнні ў атрыманні хабару. Па заканчэнні следства крымінальны пераслед у дачыненні да мяне спынены за адсутнасцю ў маіх дзеяннях складу злачынства. Разабраліся — хабару не браў», — адзначыў ён.

«Прад’яўленыя мне абвінавачанні па арт.13 і арт. 424 — падрыхтоўка да злоўжывання. У маіх дзеяннях адсутнічае склад указанага злачынства, паколькі адсутнічае аб’ектыўны бок падрыхтоўкі да злоўжывання. Няма намеру, я не чыніў ніякіх дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, не здабываў ніякай выгады маёмаснага характару, ніякай асабістай зацікаўленасці не меў. Ніякай шкоды ў выніку майго звароту да падпарадкаванага мне па службе супрацоўніка ДФР не наступіла, я проста патэлефанаваў калегу і папрасіў чалавека прыняць на прыём грамадзян. Падрыхтоўка да злачынства, у адпаведнасці з патрабаваннем крымінальнага закона, патрабуе актыўнага дзеяння на здзяйснянае злачынства. Абвінавачанне за падрыхтоўка да злачынства заснавана на здагадках двух сведкаў — супрацоўнікаў УДФР, з суб’ектыўнага, унутранага адчування», — адзначыў былы галоўны фінансавы следчы.

«Чым было выклікана ў жніўні 2010 года, пры адсутнасці падстаў, узбуджэнне ў дачыненні да мяне крымінальнай справы нібыта ў атрыманні хабару восенню 2009 года? Відавочна, што узбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да мяне было першапачаткова незаконным», — лічыць ён.

Палкоўнік КДК не стаў каментаваць, «для чаго на следчых дзеяннях маіх калегаў дапытваюць па абставінах атрымання мною хабару, калі на трэці дзень пасля майго затрымання было выяўлена — ніякага хабару я не атрымліваў». Ён адзначыў, што Генеральная пракуратура не адмовілася заключаць яго пад варту, у сувязі з чым пастанову аб ягоным арышце падпісаў старшыня КДБ.

Суд апраўдаў Дзмітрыя Адамовіча толькі па арт.424 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Па ўсіх астатніх эпізодах суд прызнаў яго вінаватым. Прысуд не ўступіў пакуль у законную сілу, і будзе абскарджвацца ў вышэйстаячай інстанцыі.

Как вам новость?