BISS: 95% беларусаў не ведаюць ніводнай замежнай мовы

26.05.2010 15:27
Архив Редакция

У Беларусі толькі 5% грамадзянаў валодае замежнымі мовамі, у той час як астатнія не ведаюць ніводнай замежнай мовы. Такую выснову зрабілі на аснове праведзенага даследавання сацыялагічная лабараторыя "НОВАК" і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), зарэгістраваны ў Літве.

«25% беларусаў хацелі б вывучыць ангельскую мову, але без прывязкі да нейкіх практычных рэчаў — для кар’еры, працы і г.д. Так, проста для цікавасці. А калі для цікавасці, то і рукі не даходзяць. З пункту гледжання камунікацыі, у нас страшэнна нямое грамадства. Асабліва гэта заўважна па моладзі», — распавёў дырэктар BISS, палітолаг Віталь Сіліцкі, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».
Па яго словах, у першай палове гэтага года BISS сумесна з лабараторыяй «НОВАК» правялі апытанне на тэму «Беларусь і свет: геапалітычны выбар і бяспека скрозь прызму эканомікі і культуры». Дадзеныя апытання паказалі, што ў беларусаў вельмі пазітыўнае стаўленне да еўрапейцаў у плане іх працавітасці. 
«Працавіты, абавязковы, акуратны, старанны, але сквапны — такі вобраз еўрапейца склаўся ў грамадскай свядомасці беларуса, ён вельмі моцны. У чымсьці з гэтым асацыююць сябе і беларусы, — расказаў Віталь Сіліцкі. — Нам калісьці сказалі, што мы — рускія, толькі са знакам якасці. Вось мы і еўрапейцы са знакам якасці — таму што яны працавітыя, але сквапныя, а расейцы духоўныя, але гультаяватыя. А мы — сама лепшыя ў гэтай прасторы». 
Па словах дырэктара BISS, гэты вобраз культывуецца і ўмацоўваецца вельмі слабой камунікацыяй беларусаў з навакольным светам. «У нас толькі каля 10% людзей рэгулярна ездзяць за мяжу, 80% — наогул нікуды не выязджаюць», — падкрэсліў палітолаг.
Сіліцкі: у беларусаў прыземлены стыль мыслення
Па словах дырэктара BISS, беларусы глядзяць на захад ці на ўсход і глядзяць, дзе лепш. «Куды павярнуцца, каб быў лепшы заробак, нізкія кошты, вялікая пенсія, лепшае медыцынскае абслугоўванне, каб за жыллё менш плаціць … Натуральна, у беларусаў геапалітычны выбар абсалютна рацыяналізаваны», — сказаў палітолаг.
«Да абстрактных паняццяў, нейкіх ідэяў, канцэпцыяў і г.д. беларусы ставяцца вельмі падазрона. Гэта вельмі рацыянальны, прыземлены стыль мыслення. 87% тых, хто галасаваў бы за Еўрапейскі Саюз, вераць, што пасля далучэння да ЕС узровень жыцця ў Беларусі палепшыцца. Сярод тых, хто галасаваў бы супраць, у тое ж самае вераць 11%. Вось і ўся розніца», — лічыць Віталь Сіліцкі.
Палітолаг таксама дадаў, што беларусы па-рознаму ацэньваюць свае матэрыяльныя перспектывы, у залежнасці ад узросту, сацыяльнай мабільнасці, кваліфікацыі і іншага.

Как вам новость?