Бязсмертны: Беларусь не пабудуе АЭС без згоды суседзяў

12.10.2010 15:17
Архив Редакция

Працэс будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі прыпыніўся па дзвюх прычынах. Па-першае, Расія так і не падпісала адпаведны кантракт. Па-другое, грамадскасць Літвы і Украіны выказалася супраць будаўніцтва АЭС. Такога меркавання прытрымліваецца амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны.

«У цяперашні момант працэс будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі крыху прытарможвае, таму што расійскі канцэрн адмовіўся падпісваць кантракт на яе будаўніцтва. Перамовы з гэтай нагоды ішлі дастаткова доўга, але пагадненне так і не было падпісана. На мой погляд, магчымай прычынай паслужыла адсутнасць 9 млрд. даляраў на будаўніцтва. Хаця магчыма, што ў справу ўмяшаліся палітычныя складнікі», — адзначыў пасол, перадае «Главред».

З іншага боку, па словах Рамана Бязсмертнага, на гэты працэс уплываюць і патрабаванні МАГАТЭ, паколькі для будаўніцтва АЭС абавязкова трэба правесці слуханні ў суседніх краінах. «На сённяшні дзень слуханні, якія адбыліся ва Украіне і Літве, носяць негатыўны характар, таму што грамадскасць супраць гэтага. Хоць Беларусь і суверэнная краіна, але яна павінна ўлічваць пазіцыю суседзяў», — дадаў дыпламат.

Пры гэтым грамадскасць самой Беларусі, як сказаў Раман Бязсмертны, даволі станоўча настроена ў пытанні пабудовы атамнай электрастанцыі. «Цяпер звыш 90% энергіі, якая вырабляецца ў Беларусі, генеруецца ад спальвання газу. А нестабільная коштавая палітыка на газ стымулюе энергетычны комплекс краіны шукаць шляхі дыверсіфікацыі крыніц энергіі. Таму Мінск у цяперашні момант пралічвае, які з праектаў можа быць рэальнай альтэрнатывай. Нават у энергетычнай стратэгіі краіны стаўка робіцца на дыверсіфікацыю крыніц пастаўкі энергетычнай сыравіны», — адзначыў дыпламат.

Как вам новость?