Бязсмертны: беларускім уладам не хапае спецназа

17.06.2011 10:45
Архив

Былы амбасадар Украіны ў Мінску Раман Бязсмертны лічыць, што беларускія ўлады самі ствараюць сабе праблемы, не дазваляючы праводзіць акцыі пратэсту. Ён падкрэсліў, што ўжо на акцыях маўклівай салідарнасці спецназа не хапала для іх разгону. "Гэта ж учора было відаць, хлопцы гэтыя ганялі, але яны ўжо не паспявалі. Яны былі мокрыя, таму што ўся краіна выйшла на вуліцу", - сказаў ён.

На думку дыпламата, падобнымі акцыямі беларускія грамадзяне «заганяюць ўладу ў кут». «Ну не далі каля Палаца рэспублікі правесці флэшмоб, значыць заўтра будуць на ўсіх цэнтральных пляцоўках ва ўсіх раёнах Мінску. Потым гэта перакінецца на ўсе раёны ў абласных цэнтрах. Потым на раённыя цэнтры. Ну і палічыце, колькі ў рэспубліцы спецназа. І ці хопіць гэтага спецназу, каб ён проста разышоўся?», — адзначыў Раман Бязсмертны, перадае «Белсат».

«Навошта было людзей штурхаць, ставіць гэтыя агароджы. Самі сабе стварылі праблему і настроілі людзей супраць сябе», — падкрэсліў дыпламат.

«Я ўчора бачыў, як на флэшмоб хлопцы з надпісам «АМАП» паказвалі: вось сюды можна, а сюды нельга ісці. Як гэта? Калі я надзену заўтра форму з надпісам «АМАП», значыць я магу вас пусціць туды, куды я хачу, а куды вы хочаце — не пушчу? А гэтыя хлопцы наогул разумелі, што ў іх ёсць сёстры, браты, бацькі? Што заўтра нейкі «талент» надзене форму, і скажа ім: вось у гэтую дзверы вы можаце ўваходзіць, а ў гэтыя — нельга. Я зараз стрымліваю сябе, каб не назваць гэта сапраўднымі рэчамі», — заявіў Раман Бязсмертны.

Ён таксама паведаміў, што не лічыць рэзкімі свае заявы ў дачыненні да палітыкі беларускіх уладаў. «Калі прааналізаваць усё, што я казаў, і супаставіць гэта з поглядамі Бязсмертнага як чалавека, як палітыка, як грамадзяніна, то я вельмі мякка казаў», — адзначыў ён.

Як перадаваў Тэлеграф, 15 чэрвеня сотні мінчукоў сабраліся ў цэнтры горада на  акцыю «маўклівай салідарнасці», якая стала ўжо традыцыйнай. Яе ўдзельнікі без лозунгаў, у мірнай форме спрабуюць выказаць пратэст ураду, які, на іх думку, не можа вывесці краіну з зацяжнога крызісу.