Бязсмертны: заўтра ў Беларусі можа наступіць паралюш

21.06.2011 10:32
Архив Редакция

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны не разумее, навошта беларускія ўлады перашкаджалі правядзенню акцыі маўклівай салідарнасці 15 чэрвеня. "Для ўсіх было відавочна, што гэтыя маладыя людзі ўсяго толькі хацелі заявіць сваю пазіцыю, яны нікога ні да чаго не заклікалі. Заўтра гэта можа перакінуцца на заводы ў выглядзе італьянскай стачкі, і тады ўсё — паралюш", — заявіў ён.

«Улада будзе сядзець у кабінетах, а людзі як быццам будуць працаваць, і ў адзін момант усё спыніцца», — адзначыў ён, перадае БелаПАН.

Раман Бязсмертны выказаў таксама сумнеў у магчымасці дыялогу ўлады і народа. «Мне здаецца, наўрад ці сёння грамадства, яго інстытуты, недабітыя гэтай уладай, пойдуць на такі дыялог. А далей няцяжка прасачыць логіку працэсу, спрагназаваць, што можа быць», — лічыць дыпламат.

Пры гэтым ён не бачыць інструментаў выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі, паколькі «парламент паралізаваны, урад ніяк не звязаны з парламентам, усё залежыць ад аднаго чалавека і невялікай групы набліжаных асобаў».

Бязсмертны: беларуская ўлада неадэкватная ў вырашэнні эканамічных праблем

Па словах былога пасла, у вырашэнні эканамічных праблемаў выяўляецца «неадэкватнасць ўрада», які ва ўмовах крызісу імкнецца «вынаходзіць квадратнае кола і спрабаваць яго пакаціць».

«Усе ведаюць выдатна, што, напрыклад, не можа быць тры абменныя курсы, таму што гэта альбо спосаб нажывы, альбо збяднення, а дакладней, і тое, і іншае адначасова. Гэта падручнік. Я не кажу аб пытаннях інфляцыйнага напампоўвання грашыма эканомікі. Колькі ні круціся, абвал адбудзецца», — падкрэсліў дыпламат.

Бязсмертны не можа вызначыць куды рухаецца Беларусь

Экс-амбасадар адзначыў, што ў адносінах Беларусі і Украіны ёсць «мноства жучкоў і стрэмак, якія трэба выцягваць». «І гэтыя праблемы немалыя. Іх трэба прызнаць і сумленна сесці і вырашаць. Гэта і праблема дамовы аб мяжы, і праблема так званага доўгу, і праблема дамовы аб рэадмісіі», — адзначыў ён.

Прычыны ж праблемы крыюцца ў тым, што краіны рухаюцца ў розных кірунках: «У эканоміцы Украіна рухаецца ў СГА, Беларусь — у Мытны саюз. У палітычным дачыненні Украіна нацэлена на еўрапейскую супольнасць, а Беларусь… Не магу нават вызначыць, але гэта цалкам супрацьлеглы напрамак. Адсюль розныя прыярытэты, розныя механізмы і розныя бачанні ў вырашэнні праблем», — сказаў палітык.

Ён падкрэсліў, што рашэнне праблемных пытанняў у адносінах дзвюх краін цягнецца «непрыстойна доўга». «Яны ніяк не звязаныя паміж сабой, і абодва бакі не адмаўляюцца іх вырашаць. Што тычыцца мяжы, дакумент ужо падпісаны, але для таго, каб завяршыць працэс, трэба абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі. Гэта можна зрабіць падчас сустрэчы прэзідэнтаў, міністраў, можна нават адправіць поштай. Украіна завяршыла працэс ратыфікацыі яшчэ ў 1997 годзе», — паведаміў Раман Бязсмертны.

Ён не выключыў магчымасці сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін, нягледзячы на рэзкія выказванні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Віктара Януковіча. «Але для таго, каб праводзіць такія сустрэчы, трэба разумець, што яны павінны развіваць адносіны, вырашаць праблемы. А проста сустрэцца? І што? Сустрэча дзеля сустрэчы — гэта занадта затратнае мерапрыемства для падаткаплацельшчыкаў абедзвюх краін», — заявіў дыпламат.

Бязсмертны: украінскі бізнэс не давярае беларускім правілам

«Украіна, якая не аднойчы перажывала крызісы, адаптаваная да таго, што эканоміка развіваецца нераўнамерна, шляхам пэўных ваганняў. Невыпадкова ўкраінская эканоміка амаль не інвеставала грошы ў Беларусь — існавала і існуе недавер да правіл, якія прыняты ў вашай краіне», — сказаў былы амбасадар.

«Я не кажу, што ў нас мёд: у некаторых сегментах сітуацыя яшчэ горшая, чым у Беларусі. Але, тым не менш, недавер існуе, і абодвум бакам трэба імкнуцца да таго, каб працаваць па ўзаемна прымальных правілах», — рэзюмаваў Раман Бязсмертны.

Как вам новость?
Головоломки