Більт: ЕС блізкі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі

19.01.2011 16:50
Архив Редакция

У сераду, 19 студзеня, у рамках пленарнай сэсіі Еўрапарламенту ў Страсбургу праходзіць абмеркаванне беларускага пытання. Пасяджэнне пачалося ў 16:00 па беларускім часе, разгляд сітуацыі ў Беларусі стаіць на парадку дня пад трэцім нумарам. Між тым міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт ужо заявіў, што чакаць увядзення санкцый ЕС супраць Беларусі засталося нядоўга.

Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламенту, чакаецца, што вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, якая выступіць перад еўрадэпутатамі, выкажацца за ўвядзенне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Затым Еўрапарламентарыі абмяркуюць праект рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, а 20 студзеня пройдзе галасаванне.

Па словах кіраўніка МЗС Швецыі, Еўрасаюз блізкі да ўвядзення візавых абмежаванняў у дачыненні да ўладаў Беларусі, якіх многія міжнародныя аглядальнікі і беларуская апазіцыя вінавацяць у фальсіфікацыі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі 19 снежня 2010 года, перадае AP.

Карл Більт адзначыў, што цяперашні спіс неўяздных у ЕС прадстаўнікоў уладаў Беларусі ўвойдзе больш чалавек, чым падпадала пад візавыя санкцыі, якія дзейнічалі ў 2006-2008 гадах. Чакаецца, што краіны-члены Еўрасаюза неўзабаве прыйдуць да згоды ў пытанні санкцый, і «мы працуем над складаннем спісу падчас абмеркавання» беларускага пытання, дадаў шведскі міністр на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі 19 студзеня.

Как вам новость?
Головоломки