БНБ вызначыцца з вылучэннем адзінага кандыдата да чэрвеня

12.04.2010 13:02
Архив Редакция

"Беларускі незалежніцкі блок" (БНБ) выпрацуе механізм вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2011 года да першага чэрвеня. Як паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Віталь Рымашэўскі, такое рашэнне прыняла на апошнім паседжанні рада БНБ.

Пасля гэтага, па словах апазіцыйнага палітыка, пачнецца кампанія па вылучэнні адзінага кандыдата ад блока. Мяркуецца, што стартуе 15 чэрвеня, перадае БелаПАН.

«Рашэнне пра выпрацоўку механізму вылучэння кандыдата ад БНБ было прынятае аднагалосна. Ужо цяпер пра свой удзел падчас вылучэння кандыдата заявіла БХД. Наколькі нам вядома, Партыя БНФ на з’ездзе 29 траўня таксама павінна вызначыцца з партыйным кандыдатам у прэзідэнты», паведаміў Віталь Рымашэўскі.

Адзін з лідараў БХД таксама нагадаў, што «пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заяўляў таксама Мікалай Статкевіч, лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), які таксама ўваходзіць у БНБ. «Пра кандыдата ад руху «За Свабоду» таксама стане вядома ў другой палове траўня», — паінфармаваў палітык.

Віталь Рымашэўскі выказаў надзею, што адзіны кандыдат у прэзідэнты ад БНБ будзе мець шанец стаць адзіным кандыдатам ад усёй апазіцыі і будзе «адным з найдужэйшых на прэзідэнцкіх выбарах».

Как вам новость?