БНФ пасварыўся са сваёй мінскай арганізацыяй

07.02.2011 11:27
Архив Редакция

Мінская гарадская арганізацыя Партыі БНФ планавала правесці 4 лютага на сядзібе БНФ сход сумесна з прадстаўнікамі ўсёй партыі, аб чым кіраўнік МГО Віктар Івашкевіч паведаміў ва Управу сойма партыі. Аднак там у правядзенні сходу адмовілі, заявіўшы, што Мінская арганізацыя мае патрэбу "ў тэрміновай перарэгістрацыі". 

Акрамя таго, было заяўлена, што на сядзібе акурат 4 лютага, адначасова з сходам, будзе праходзіць нейкае важнае мерапрыемства, паведамляе прэс-група Мінскай Рады БНФ.

У выніку ў 18:00 пад дзвярыма офіса партыі сабралася каля 80 чалавек, піша ў сваім блогу былы лідар «Моладзі БНФ» Франак Вячорка. Сярод іх былі Юры Хадыка, Аляксей Марачкін, Ада Чалей, Вацлаў Арэшка, Роза Ганчарова, Валянціна Свяцкая, Вінцук Вячорка, Андрэй Крэчка і іншыя члены партыі. Сход прайшоў проста на вуліцы, паколькі дзверы была зачыненыя, а на акне сядзібы вісела аб’ява аб тым, што «4.02.2011 Управа працуе да 15:00».

У ходзе сходу ўздымалася пытанне мэтазгоднасці фармальнага членства ў партыі, «кіраўніцтва якой не толькі не выконвае праграмных мэтаў, але гвалтуе Статут партыі і ігнаруе найбуйнейшую ў краіне рэгіянальную арганізацыю БНФ», перадае газета «Салідарнасць».

«Калі экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў кажа аб важнай ролі Фронту ў кансалідацыі дэмакратычных сіл, а пасля гэтага закрывае дзверы перад гэтымі ж сіламі, то ўзнікае пытанне, чым новае кіраўніцтва БНФ адрозніваецца ад дыктатара, афіцыйнай улады. Дыктатар спрабуе стварыць кіраваную апазіцыю. Але ўчора мы заявілі аб іншым шляху, каб не паддацца планам афіцыйнай улады. Мы абмеркавалі, як захаваць тое, што было ў пачатку, што аб’ядноўвала нас пры арганізацыі БНФ «Адраджэньне», — пракаментаваў сітуацыю мастак і адзін з заснавальнікаў БНФ Аляксей Марачкін.

Как вам новость?
Головоломки