БНФ: усе затрыманыя актывісты — вязні сумлення

27.12.2010 17:12
Архив Редакция

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 27 снежня заявіў, што ўсе дэмакратычныя актывісты, затрыманыя 19 снежня ў Мінску, з'яўляюцца "вязнямі сумлення". Палітык падкрэсліў, што барацьба за вызваленне дэмакратычных актывістаў можа быць доўгай, і розныя апазіцыйныя сілы ў дадзенай сітуацыі "не маюць намеру перацягваць паміж сабой коўдру".

Сябра каардынацыйнага камітэту салідарнасці з палітвязнямі Віктар Івашкевіч адзначыў, што ў сітуацыі, якая склалася «ні Захад, ні Усход не вырашаць беларускія праблемы, якія стаяць перад беларускім грамадствам». У сувязі з гэтым Віктар Івашкевіч заклікаў усе дэмакратычныя сілы краіны да кансалідацыі, у тым ліку на месцах, перадае «Беларускі партызан».

Гэтую ініцыятыву падтрымаў і намеснік старшыні руху «За Свабоду» Віктар Карняенка. Ён падкрэсліў, што «вызваленне ўсіх палітвязняў з’яўляецца перадумовай палітычнай дзейнасці руху». «Відавочная адна рэч: мы не можам супрацьстаяць прапагандысцкай машыне. Але мы павінны данесці да людзей праўду аб тым, што адбывалася 19 снежня і што адбываецца цяпер», — дадаў палітык.

У сваю чаргу старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас заклікаў беларускі народ не баяцца адстойваць свае правы і свабоды. «Цяпер сітуацыя ўваходзіць у вельмі небяспечную стадыю — усё гэта нагадвае 1937 год. Суды, праваахоўныя структуры кінутыя не на тое, каб абараняць правы людзей, а каб караць. Усе абапіраецца на страх», — адзначыў Уладзімір Колас.

Як раней перадаваў Тэлеграф, беларускія культурныя дзеячы і жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Вольга раніцай 27 снежня падалі ў КДБ і Генпракуратуру заяву з патрабаваннем паказаць Уладзіміра Някляева яго жонцы і адвакату. Дакумент, пад якім падпісаліся паэт Сяргей Законнікаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў і рэжысёр Уладзімір Колас, быў прыняты і зарэгістраваны.

Как вам новость?
Головоломки