БНФ запатрабаваў звольніць з МУС збітых спецназаўцаў

04.03.2011 11:44
Архив Редакция

Старшыня магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў 3 сакавіка звярнуўся з заявай да міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатолю Куляшову з патрабаваннем звольніць байцоў спецназа, збітых расійскімі грамадзянамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым.

«Спадар Куляшоў, да вас мяне вымусіла звярнуцца сённяшні стан беларускай міліцыі. 1 сакавіка 2011 года з СМІ я даведаўся, што падчас суда над юнакамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам выявіліся дзіўныя абставіны. А менавіта, што гэтыя юнакі, якія маюць расійскае грамадзянства, 19 снежня 2010 года збілі ажно пятнаццаць супрацоўнікаў міліцыі, і не проста супрацоўнікаў, а байцоў войскаў спецыяльнага прызначэння», — гаворыцца ў заяве, перадае БелаПАН.

Як адзначыў Зміцер Салаўёў, да байцоў спецназу прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні: яны, у прыватнасці, павінны быць фізічна развітымі, гатовымі да выканання адказных службова-баявых задач, мець выдатнае здароўе і высокія маральна-псіхалагічныя якасці. «І калі адборных служачых у складзе 15 чалавек змаглі збіць двое юнакоў, прытым што супрацоўнікі міліцыі былі ўзброеныя спецыяльнымі сродкамі — шчытом і дубінкай, то што тады казаць аб звычайных міліцыянерах, да якіх патрабаванні не такія жорсткія?» — адзначае аўтар заявы.

«Першае, што патрабуецца ад міліцыі, — гэта ахоўваць спакой грамадзян. Але калі два юнакі, абсалютна не падрыхтаваныя, звычайныя людзі, збіваюць 15 міліцыянтаў, то гэта сведчыць аб поўнай дэградацыі беларускай міліцыі. У міліцыю бяруць абы каго. Я патрабую звольніць тых міліцыянтаў, бо яны не здольныя выконваць свае функцыі. Я таксама патрабую правесці поўную пераатэстацыю ўсіх супрацоўнікаў міністэрства ўнутраных спраў на адпаведнасць патрабаванням іх прафесіі», — адзначыў апазіцыянер, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Як раней паведамляў Тэлеграф, затрыманых у Мінску расійцаў Арцёма Брэуса і Івана Гапонава вінавацяць у збіцці 15 беларускіх міліцыянтаў (Булавацкага, Скарахода, Кудраўца, Кшталанава, Івашко, Воўкава, Зянкевіч, Далідовіча, Комара, Сапача, Палавінкіна, Лявіцкага, Масальскага, Паліпейкі і Караваева) у дзень выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня мінулага года. У нанясенні фізічнай шкоды прыкладна дзесяці міліцыянтам абвінавачваецца таксама яшчэ адзін удзельнік Плошчы — прадпрымальнік Дзмітры Мядзведзь.