Брэсцкі інвалід тры гады не атрымлівае пенсію з-за "ліку д'ябла" ў пашпарце

05.03.2010 15:38
Архив Редакция

Праваслаўны вернік, пенсіянер з Брэста Мікалай Лаўранюк угледзеў у пашпарце лік д'ябла "666" і адмовіўся атрымліваць дакумент. У выніку міністэрства працы і сацыяльнай абароны адмовіла ў пенсіі. “Не атрымліваю ўжо тры гады. Тым часам я яшчэ і інвалід трэцяй групы” — падкрэсліў 63-гадовы пенсіянер.

“Звяртаўся па пенсію спачатку менавіта з-за інваліднасці. Атрымаў адмову. А потым адмовілі і ў пенсіі па ўзросце. Прычына — тое, што я адмовіўся атрымліваць пашпарт новага ўзору па рэлігійных меркаваннях. Таму што ў ідэнтыфікацыйным нумары змяшчаецца лік д’ябла «666». Гэту сістэму ўвялі для здзекавання з праваслаўнымі вернікамі-хрысціянамі”, — упэўнены праваслаўны беларус.

«Я звяртаўся ва ўсе судовыя інстанцыі да Вярхоўнага і Канстытуцыйнага. Канстытуцыйны суд накіраваў у міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанову, каб вернікам знайшлі спосаб прызначаць пенсію без уліку пашпартоў», — падкрэсліў пенсіянер.

Па словах Мікалая Лаўранюка, гісторыя неяк заварушылася падчас візіту патрыярха Маскоўскага Кірыла. Пенсіянер склаў да яго прашэнне, а патрыярх пераадрасаваў яго экзарху Філарэту, а той звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, “Еўрапейскае радыё для Беларусі”.

“Таксама пасля звароту да Кірыла новапрызначаны міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў накіраваў у міністэрства працы і сацабароны прапанову нейкім чынам развесці налічэнне пенсіі і пашпарт. Пакуль рэакцыі няма”, — адзначыў праваслаўны вернік.

У сваю чаргу, кіраўніца камітэта па працы і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Лідзія Сафроненка паведаміла, што пакуль сітуацыя не змянілася, і атрымліваць пенсію без пашпарта па-ранейшаму немагчыма. «Нічога не змянілася. Чытайце Пастанову пра прызначэнне пенсій, пункт сем. Для прызначэння пенсіі неабходны пашпарт. А без пашпарта нельга. Будзе прынятае нейкае рашэнне — налічым пенсію. А пакуль так, як ёсць», — падкрэсліла службовец.

На дадзены момант Мікалай Лаўранюк звярнуўся ў камітэт па правах чалавека ААН у Жэневе.
 

Как вам новость?