Брытанскія юрысты збіраюцца падаваць у суд на Лукашэнку

09.03.2011 12:10
Архив Редакция

Вядучая юрыдычная фірма Вялікабрытаніі H2O Law збіраецца падаць іск супраць "прэзідэнта былой савецкай рэспублікі Аляксандра Лукашэнкі", паколькі мае "доказы аб сістэматычных катаваннях у турмах беларускага КДБ". У аснове гэтых доказаў ляжаць апытанні сотняў актывістаў, арыштаваных пасля "спрэчных прэзідэнцкіх выбараў", паведамляюць брытанскія юрысты.

Члены міжнародных праваабарончых арганізацый прыйшлі да высновы, што «катаванні, збіцці і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў турмах з’яўляюцца звычайнай практыкай у краіне, дзе тайную паліцыю дагэтуль называюць КДБ, і якую часта апісваюць як апошнюю дыктатуру Еўропы», перадае Independent.

Беларускія і міжнародныя актывісты праваабарончых арганізацый апыталі 205 чалавек з ліку арыштаваных падчас масавых дэманстрацыяў пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Судовыя працэсы многіх арыштаваных прайшлі вельмі хутка, без адвакатаў, і апазіцыянеры атрымалі кароткія тэрміны пазбаўлення волі. Не менш за 148 апытаных паведамілі, што былі збітыя падчас утрымання пад вартай да суду, з іх 57 чалавек заявілі, што іх збівалі дубінкамі.

«У многіх выпадках супрацоўнікі органаў бяспекі білі і прыніжалі людзей, затрыманых пасля пратэстаў, і ўтрымлівалі іх на працягу некалькіх гадзін на холадзе, без доступу да харчавання, вады і туалета, а затым іх спешна судзілі без якога-небудзь падабенства належнай прававой працэдуры. Гэта было здзекам з правасуддзя ад пачатку да канца», — заявіла Ганна Севарцян, кіраўніца расійскага прадстаўніцтва арганізацыі Human Rights Watch, якая апублікавала вынікі апытанняў.

Адна з дэманстрантаў, 19-гадовая Святлана, распавяла, як трое супрацоўнікаў правапарадку збілі яе, калі яна папрасіла прадставіць ёй адваката, а затым адмовіліся падпісаць пратакол аб яе арышце. «Адзін з паліцыянтаў трымаў мяне за рукі за спіной, а двое іншых білі мяне нагамі і палкамі. Іншыя затрыманыя пачалі крычаць на іх, каб яны не білі мяне, а потым мяне адвялі ў іншы пакой і запоўнілі пратакол. Яны нават не адкрылі яго мне — сказалі: «Ты ўсё роўна не падпішаш, але гэта не важна», — патлумачыла дзяўчына.

Брытанскія юрысты патрабуюць вызвалення арыштаваных апазіцыянераў

Праваабарончая арганізацыя H2O Law мае намер падаць грамадзянскі іск супраць Аляксандра Лукашэнкі, «калі ён не вызваліць усіх палітычных зняволеных». Арганізацыя прадстаўляе інтарэсы грамадзянскай групы Free Belarus Now, створанай сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваныя падчас дэманстрацыяў.

«Мы лічым, у нас ёсць усё неабходнае для прад’яўлення прыватнага абвінавачання і грамадзянскага іску супраць Аляксандра Лукашэнкі», — сказаў адзін з партнёраў арганізацыі Джэйсан Мак-К’ю.

Адвакаты спадзяюцца, што прыватнае абвінавачанне, у канчатковым рахунку, можа прывесці да выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі або яго партнёраў. Прэзідэнту Беларусі і многім яго прыхільнікам ужо забаронена ўязджаць у Еўрасаюз, але ордэр на арышт будзе ахопліваць тыя краіны, якія не ўваходзяць у ЕС і з якой Вялікабрытанія падпісала пагадненне аб выдачы.

Брытанскія юрысты хочуць падаць іск у суд «ад імя ахвяраў Лукашэнкі»

H2O Law таксама мае намер падаць у суд на беларускага лідара «ад імя яго ахвяр». У выпадку поспеху фінансавыя актывы Аляксандра Лукашэнкі ў Англіі і ва ўсім свеце могуць быць замарожаныя.

Спачатку арганізацыя спрабавала паўплываць на ААН і Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, каб з іх дапамогай паўплываць на парушэнні правоў чалавека. Аднак абвінавачанні ў прымяненні катаванняў падштурхнулі юрыстаў выкарыстоўваць больш прамы падыход. «У нас ужо былі шматлікія сведчанні аб прымяненні катаванняў у цэнтрах затрымання КДБ, але тое, што па-сапраўднаму змяніла сітуацыю — гэта нядаўні выступ Алеся Міхалевіча», — сказаў Джэйсан Мак-К’ю.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч нядаўна заявіў, што ў следчым ізалятары КДБ у Мінску, адкуль ён быў не так даўно вызвалены, актыўна прымяняюцца катаванні. КДБ абверг яго сцвярджэнні.

Калі H2O Law падасць запланаваны іск, гэта будзе першы выпадак, калі адвакаты па правах чалавека пераследуюць кіраўніка суверэннай дзяржавы. Згодна з міжнародным правам, катаванні адносяцца да той невялікай колькасці злачынстваў, на якія не распаўсюджваецца дыпламатычны імунітэт кіраўніка дзяржавы.

«Калі абвінавачанне ўключае катаванні, яно патэнцыйна дазваляе суду ажыццяўляць універсальную юрысдыкцыю, і гэта таксама можа ануляваць прэтэнзіі Лукашэнкі на суверэнны імунітэт», — адзначыў адвакат арганізацыі Мэцью Журы, які ў студзені апытваў беларусаў, што ўцякалі ў Еўропу.

Как вам новость?