БРСМ праводзіць у Мінску акцыю "Зрабі свой выбар!"

04.11.2010 09:00
Архив Редакция

Ва ўсіх раёнах Мінску ў сераду, 3 лістапада, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць старт-акцыю "Зрабі свой выбар!". Мерапрыемствы акцыі накіраваны на павышэнне электаральнай культуры моладзі і ўзроўню інфармаванасці выбаршчыкаў аб выбарах. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Дадзеная акцыя, на думку яе арганізатараў, будзе спрыяць стварэнню неабходных умоваў для свядомага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, а таксама фармаванню ў моладзі грамадзянскай адказнасці, перадае БелТА.

У кожным раёне горада БРСМ падрыхтаваў асобную праграму. Так, на плошчы Незалежнасці будзе арганізавана акцыя «Твой выбар — твая будучыня!». На пляцоўцы перад універсамам «Беларусь» пройдзе моладзевая акцыя «Выбірай Беларусь!», каля Камароўскага рынку — акцыя «Зрабі свой выбар». Ля кінатэатра «Салют» разгорнецца канцэртная праграма «Беларусь, мы з табой!», а каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — акцыя «За Беларусь».

У ходзе апошняй акцыі, актывісты БРСМ, узброіўшыся чырвонымі і зялёнымі парасонамі пастрояцца па спецыяльнай схеме, утвараючы такім чынам велізарны надпіс, перадае СТВ.

«Чым больш да гэтай акцыі далучыцца людзей, чым больш людзей будзе падтрымліваць гэтую акцыю — «За Беларусь», — тым больш гэта прыцягне ўвагу грамадскасці, і мы будзем толькі радыя», — распавяла начальніца аддзелу па справах моладзі Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінску Вольга Шыбко.

У сваю чаргу першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі заявіў, што пазіцыя БРСМ у перыяд выбарчай кампаніі будзе самай актыўнай. Паводле яго слоў, у БРСМ, які аб’ядноўвае трэць беларускай моладзі, ёсць вялікі досвед, які арганізацыя атрымала падчас правядзення папярэдніх выбараў. У гэтым годзе БРСМ таксама не застанецца ў баку ад галоўнай палітычнай падзеі краіны.

БРСМ плануе праводзіць экзітполы на выбарах

Ігар Бузоўскі паведаміў, што БРСМ плануе і ў гэты раз арганізаваць працу па правядзенні экзітполаў. Па словах першага сакратара БРСМ, гэтая практыка атрымала вялікі рэзананс і грамадскую падтрымку яшчэ на мінулых выбарах, паколькі сапраўды адлюстроўвала настроі выбаршчыкаў.

Ігар Бузоўскі лічыць, што актыўнасць маладых людзей падчас такіх адказных палітычных кампаній вельмі важная. «Велізарнае значэнне мае тое, што мы прыцягваем маладых людзей да грамадска значнай працы, яны адчуваюць сваю датычнасць да чагосці вялікага, да жыцця сваёй дзяржавы, удзельнічаюць у гістарычных падзеях. Гэта і ёсць грамадзянскае выхаванне», — падкрэсліў кіраўнік БРСМ.

Как вам новость?
Головоломки