БТ і ЦВК арганізуюць тэледэбаты для кандыдатаў у прэзідэнты

06.10.2010 09:38
Архив Редакция

Сёлета ўпершыню ў гісторыі Беларусі на тэлеканалах Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК) будуць арганізаваны тэледэбаты для кандыдатаў у прэзідэнты. Як паведаміў першы намеснік старшыні НДТРК Аляксандр Саламаха, у цяперашні час распрацоўваецца парадак іх правядзення, "каб дыскусія праходзіла на годным узроўні".

Як паведаміў старшыня НДТРК Аляксандр Зімоўскі, для ўдзелу ў тэледэбатах кандыдаты у прэзідэнты павінны заявіць аб сваёй гатоўнасці ў НДТРК. «Раней планавалася, каб кандыдаты камунікавалі тэт-а-тэт, але нам рэкамендавалі ўвесці мадэратара ад тэлебачання, які будзе весці размову», — растлумачыў таксама кіраўнік НДТРК.

Акрамя таго, Аляксандр Зімоўскі паведаміў, што ў найбліжэйшы час НДТРК і Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі плануюць падпісаць пратакол аб выступах кандыдатаў у прэзідэнты. Па словах старшыні НДТРК, цяпер з ЦВК узгадняюцца ўсе пазіцыі, што датычацца выступлення кандыдатаў, каб яны адпавядалі заканадаўству Беларусі.

Плануецца, што кандыдатам у прэзідэнта на тэлеканалах НДТРК прадставяць эфірны час для звароту да выбаршчыкаў з 19:20, на радыёканалах — з 06:10 да 06:40, перадае БелаПАН.

Разам з тым, паводле слоў Аляксандра Зімоўскага, у найбліжэйшыя два-тры месяцы вялікая частка кантэнту на тэлебачанні і радыё так ці інакш будзе звязаная з палітыкай. «Мы ахвяравалі забаўляльным кантэнтам на карысць нарошчвання палітычнага складніка», — адзначыў кіраўнік НДТРК.

Как вам новость?