Бузек: ЕС можа адмяніць візы для беларусаў пасля свабодных выбараў

07.07.2010 11:17
Архив Редакция

Пры ўмове дэмакратычных зменаў у Беларусі Еўрасаюз можа ўвесці для яе грамадзянаў бязвізавы рэжым. Пра гэта на саміце Садружнасці дэмакратый, які праходзіў другога-чацвертага красавіка ў Кракаве, лідару грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміру Някляеву заявіў старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек.

Кіраўніка Еўрапарламенту падтрымалі ў гэтым таксама міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і яго намеснік Хенрык Літвін. У якасці прыкладу падобнай адмены візаў Ежы Бузэк прывёў вопыт Польшчы, для грамадзянаў якой пры ўездзе ў Еўропу таксама дзейнічаў бязвізавы рэжым, паведамляе «Народная воля».

На пытанне міністра замежных спраў Швецыі Карла Більд аб сітуацыі ў Беларусі, Уладзімір Някляеў заявіў, што «кампанія «Гавары праўду!» створана для таго, каб палітыка ў Беларусі была маральнай». «А мараль толькі там, дзе праўда», — дадаў беларускі паэт. Ён таксама адзначыў, што дэмакратыя можа мець свае «расавыя, нацыянальныя асаблівасці», але ў любым выпадку галоўным прынцыпам дэмакратыі павінна быць «дэлегаванне ўлады народам».

Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан заявіла ў гутарцы з Уладзімірам Някляевым, што ЗША будуць па-ранейшаму паслядоўна падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі: «Напярэдадні выбараў мы дадзім зразумець беларускаму боку, што ў выпадку правядзення на самой справе дэмакратычных выбараў не толькі будуць знятыя ранейшыя санкцыі супраць Беларусі, але і можна будзе весці гутарку пра пэўныя прэферэнцыі. У выпадку ж паўтарэння аўтарытарнага сцэнара пазіцыя ЗША будзе яшчэ больш жорсткай».

Па словах Хілары Клінтан, брутальны ціск на грамадзянскую супольнасць недапушчальны.

Уладзімір Някляеў таксама сустрэўся з міністрам замежных спраў Літвы Аўдронюсам Ажубалісам. Падчас размовы бакі яшчэ раз падкрэслілі, што развіццё эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі не здымае праблему заклапочанасці Літвы сытуацыяй з дэмакратыяй у Беларусі.

Усяго на саміт у Кракаў з’ехаліся прадстаўнікі 60 краін. Сярод яго ўдзельнікаў былі былыя дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, прэм’ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка. Беларускую дэлегацыю, акрамя Уладзіміра Някляева, прадстаўлялі былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, праваабаронца Людміла Гразнова, старшыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, актывісты АГП і Руху «За Свабоду!» Міхаіл Пашкевіч і Пётр Кузняцоў і іншыя.

Галоўнай тэмай саміту была распрацоўка і прасоўванне «дарожнай карты» дэмакратыі і пераадоленне пагрозаў на шляху яе развіцця.

Как вам новость?
Головоломки