БХД адмаўляецца ўдзельнічаць у судзе супраць мінюста

25.02.2011 11:03
Архив Редакция

Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) адмовіўся ўдзельнічаць у далейшым разглядзе ў Вярхоўным судзе сваёй скаргі на адмову ў рэгістрацыі партыі. Як паведамілі ў БХД, кіраўніцтва партыі "не лічыць патрэбным працягваць удзел у судовым паседжанні, вынікі якога загадзя прадвызначаныя".

«Мы адмаўляемся ад удзелу ў прафанацыі пад назвай «судовы працэс» і заяўляем аб тым, што надалей будзем дзейнічаць у якасці аргкамітэту і не пакінем спробаў зарэгістраваць партыю, якая ўжо фактычна існуе, але якую адмаўляюцца рэгістраваць», — заявілі ў БХД.

Першае паседжанне па справе аб скарзе аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Вярхоўны суд правёў 22 лютага. Пасля таго як бакі выказалі свае пазіцыі, суд адклаў далейшы разгляд справы да 25 лютага. Разам з тым заснавальнікі БХД прасілі зрабіць перапынак на два тыдні для таго, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы і выклікаць сведкаў па справе. Аднак суд адмовіў у гэтай просьбе.

Кіраўніцтва партыі лічыць, што суд неаб’ектыўна падышоў да разгляду іх скаргі. «Прыведзеныя намі на папярэдніх двух судовых працэсах супраць мінюста канкрэтныя факты ціску і рэпрэсіяў, паказанні дзясятка сведкаў, якія распавядалі ў судзе аб моцным ціску на іх з боку мінюста, мясцовых выканкамаў, супрацоўнікаў міліцыі і КДБ, не былі пачутыя ні суддзём, ні пракурорам, і рашэнне зачытвалася па загадзя падрыхтаванай паперы», — адзначылі ў партыі.

У партыі лічаць, што мінюст адмаўляецца рэгістраваць партыю «па надуманых прычынах». Кіраўніцтва БХД заявіла, што адразу пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю «пачынаўся беспрэцэдэнтны ціск» на сяброў незарэгістраванай партыі.

«У людзей патрабавалі пісьмовую адмову ад удзелу ва ўстаноўчым з’ездзе пад пагрозай страты працы, выключэння з вну, высялення з інтэрната, пагражалі адабраць прыёмных дзяцей, нават пагражалі крымінальнай адказнасцю па сфабрыкаваных справах», — паведамілі ў БХД.

Некаторыя людзі пад ціскам адмаўляліся ад свайго подпісу заснавальніка, тым не менш, БХД па-ранейшаму мае неабходную для рэгістрацыі тысячу подпісаў людзей, гатовых стаць заснавальнікамі партыі.

Как вам новость?
Головоломки