БХД: нягледзячы на арышты, мы не спынім сваю дзейнасць

27.12.2010 15:01
Архив Редакция

Прэс-сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі заявіў, што, нягледзячы на затрыманне супрацоўнікамі беларускіх сілавых ведамстваў яе вышэйшага кіраўніцтва (сустаршыняў Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца і іншых), БХД не будзе спыняць сваю дзейнасць. Пра гэта ён заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў офісе арганізацыі.

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, Дзяніс Садоўскі паведаміў, што ўсяго ўлады затрымалі каля 40 членаў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», у тым ліку шасцярых давераных асоб экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага: Іван Бядко (атрымаў 15 сутак арышту), Ірына Губская ( 10 сутак), Мікалай Дземідзенка (15 сутак), Юры Клімовіч (15 сутак), Таццяна Шаболава (10 сутак), Зміцер Шурхай (5 сутак).

Паводле яго слоў, у сувязі з наяўнай сітуацыяй,  было прынята рашэнне стварыць экстраны кіроўчы штаб БХД з прадстаўленнем яму функцый Управы і Нацыянальнай рады. Дадзены штаб будзе дзейнічаць да моманту вызвалення Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца або да правядзення чарговага з’езду БХД, заявіў Дзяніс Садоўскі.

Дзмітрук: БХД заўсёды выступала за мірныя акцыі

Сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук паведаміў, што супадзенне заяў апазіцыі і справаздачы АБСЕ аб фальсіфікацыі выбараў сведчыць аб тым, што ў грамадзян Беларусі былі ўсе падставы выйсці на плошчу, бо ў іх не было «магчымасці супрацьстаяць хлусні законнымі электаральнымі дзеяннямі». Аднак ён падкрэсліў, што БХД заўсёды была і застаецца прыхільніцай выключна мірных акцый.

Сустаршыня БХД падзякаваў Сойму Літвы за асуджэнне дзеянняў беларускіх уладаў па разгоне мітынгу апазіцыі. Ён таксама паведаміў аб падтрымцы, выказанай рознымі замежнымі арганізацыямі беларускім хрысціянскім дэмакратам, у сувязі з «такімі брутальнымі дзеяннямі» кіраўніцтва Беларусі.

У сваю чаргу Дзяніс Садоўскі паведаміў, што падчас выбарчай кампаніі БХД правяла 68 сустрэч з выбаршчыкамі, у ходзе якіх 24% прысутных (1,8 тыс. чалавек) запісаліся ў аргкамітэт па стварэнні партыі. Ён таксама адзначыў складанасці, якія спадарожнічалі правядзенню кампаніі: пастаянная прысутнасць правакатараў, перашкоды пры друкаванні і распаўсюдзе інфармацыі пра Віталя Рымашэўскага.

Как вам новость?
Головоломки