БХД праверыць сваіх актывістаў пасля першага дня суду з мінюстам

22.02.2011 15:49
Архив Редакция

Вярхоўны суд 22 лютага правёў першае паседжанне па справе аб скарзе аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі. «Многія высновы мінюста заснаваныя на тэлефонных апытаннях. Нам неабходна пагаварыць з актывістамі БХД, даведацца, што яны сапраўды казалі прадстаўнікам мінюста, ці не аказваўся на іх ціск", — сказаў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

«Сёння ў судзе мы яшчэ раз падкрэслілі, што падчас так званай праверкі мінюста аказваўся ціск на нашых заснавальнікаў і вяліся маніпуляцыі з дакументамі. Большасць фактаў, прыведзеных у адмове, сфабрыкаваныя і не маюць пад сабой рэальных падставаў. Увогуле, мы падкрэслілі, што лічым міністэрства юстыцыі Беларусі карным органам, які выконвае заказы іншых галінаў улады. Гэта пацвярджае тое, што больш чым за дзесяць гадоў у Беларусі не было зарэгістравана ні адной партыі. Таму мы папярэдзілі прадстаўнікоў мінюста і Вярхоўнага суда аб крымінальнай адказнасці за сфабрыкаваныя справы, ціск, падман і маніпуляцыі», — паведаміў палітык, перадае прэс-служба БХД.

У пачатку паседжання прадстаўнікі БХД заявілі хадайніцтва аб далучэнні да разгляду справы сустаршыні аргкамітэту БХД Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паколькі менавіта ён быў адказны за працэс рэгістрацыі партыі і рыхтаваў усе дакументы для падачы ў мінюст. Адмовіўшы ў гэтым хадайніцтве, суд задаволіў наступнае: аб прадстаўленні магчымасці азнаямлення з матэрыяламі справы. Суд таксама адмовіў у хадайніцтве аб ксеракапяванні матэрыялаў справы, прапанаваўшы прыйсці ў суд са сваім ксераксам, таму што ў суда няма магчымасці гэта зрабіць.

Пасля таго як бакі выказалі свае пазіцыі, суд адклаў далейшы разгляд справы да 25 лютага.

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» за мінулыя два гады тройчы праводзіў Устаноўчыя з’езды і тройчы падаваў дакументы на рэгістрацыю партыі, і тройчы атрымліваў ад міністэрства юстыцыі адмовы. На думку чыноўнікаў, «быў парушаны парадак стварэння БХД, і такое парушэнне носiць неадольны характар». Таксама «партыяй прадстаўлены дакументы і звесткі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку падробленыя і несапраўдныя дакументы», умовы ж «членства ў партыі не адпавядаюць устаноўчым дакументам».

Как вам новость?