БХД сабрала яшчэ 127 подпісаў за змяненне меры стрымання Севярынцу

05.04.2011 13:41
Архив Редакция

Аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" 4 красавіка накіраваў у мінскую пракуратуру 127 хадайніцтваў аб змене меры стрымання сустаршыню арганізацыі Паўлу Севярынцу. Цяпер палітык знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ па абвінавачанні ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх".

Прыхільнікі і сябры аргкамітэту перад надыходзячым святам Вялікадня просяць вызваліць палітыка пад падпіску аб нявыездзе. Падпісанты асабіста даручаюцца, што калі Паўлу Севярынцу зменяць меру стрымання, хрысціянскі дэмакрат не стане хавацца ад следства за мяжой, паведамляе прэс-служба БХД.

«У сувязі з апошнімі падзеямі ўцёкаў за мяжу экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і журналісткі Наталлі Радзінай, якія былі выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, мы асабіста хадайнічаем за Паўла Севярынца, бо ўпэўненыя, што Павел нікуды не ўцячэ, а, як шчыры хрысціянін, мужны і духоўна моцны чалавек, возьме свой пакутніцкі крыж, каб дамагчыся вызвалення не толькі асабістага, але і ўсёй Беларусі», — заявіла мінская каардынатарка аргкамітэту Ірына Логвін.

«Паколькі мы не можам дамагчыся, каб да Паўла пусцілі святара, мы спадзяемся, што яго выпусцяць да суду, каб Павел сам змог прыйсці ў царкву, спавядацца, удзельнічаць у літургіі і прыняць святое Прычасце. Спадзяемся таксама, што Павал паспее адсвяткаваць перад судом разам з намі Вялікдзень — самае галоўнае свята Уваскрэсення нашага Госпада Ісуса Хрыста», — дадала аднадумца палітыка.

Як паведаміла Тэлеграфу член аргкамітэту БХД Валерыя Чарнаморцава, усяго сабрана значна больш хадайніцтваў за змяненне меры стрымання для Паўла Севярынца.

«Калі актывісты апазіцыі збіралі подпісы за вызваленне з-пад арышту для ўсіх фігурантаў «справы 19 снежня», уключаючы і Паўла Севярынца, многія сябры і прыхільнікі БХД ужо паставілі тады свой подпіс. Але некаторыя, напрыклад, якія жывуць у рэгіёнах, не змаглі гэтага зрабіць. Таму цяпер подпісы збіраліся дадаткова, і тыя, хто ставіў іх раней, цяпер не падпісваліся. Так што ўсяго за Паўла сабрана значна больш хадайніцтваў», — растлумачыла яна.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 4 красавіка Паўлу Севярынцу ў ліку іншых фігурантаў «справы 19 снежня» былі прад’яўленыя новыя абвінавачанні па ч.1 арт.342 КК Беларусі. Гэта «групавыя дзеянні, якія груба парушылі грамадскі парадак, з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый». Абвінавачаным пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Раней іх абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, ім пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Как вам новость?