БХД: выбары прэзідэнта Беларусі нельга лічыць легітымнымі

10.01.2011 16:50
Архив Редакция

Надзвычайная рада аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) заяўляе, што прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года нельга лічыць легітымнымі. Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі, 8 студзеня адбылася сустрэча пашыранай надзвычайнай рады аргкамітэту БХД, на якой былі абмеркаваны наступствы падзей 19 снежня ў Мінску і падведзены вынікі выбарчай кампаніі.

Таксама на сустрэчы былі абмеркаваны планы БХД, прынята рашэнне засяродзіцца на мерах, накіраваных на вызваленне і спыненне крымінальнага пераследу лідараў БХД Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца і іншых палітвязняў, а таксама на ўмацаванне шэрагаў партыі, паведамляе БелаПАН.

Па заяве БХД, «ціск на сяброў ініцыятыўнай групы падчас збору подпісаў за вылучэнне Рымашэўскага кандыдатам у прэзідэнты і падчас агітацыйнай кампаніі, прымусовае датэрміновае галасаванне, маштабныя фальсіфікацыі падчас галасавання і падліку галасоў вымушаюць канстатаваць, што гэтыя выбары нельга лічыць сумленнымі і празрыстымі». «Гэта пацвярджае і тая неадэкватная жорсткая рэакцыя ўлады на мірную дэманстрацыю, якая адбылася ў Мінску ў дзень галасавання», — адзначае рада БХД.
 
Рада БХД канстатуе, што «на працягу наступных тыдняў у краіне адбыліся масавыя ператрусы і арышты». «Пад рэпрэсіі падпалі незалежныя СМІ, актывісты партый і грамадскіх арганізацый. У адносінах да сямі кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх давераных асоб распачата крымінальная справа. Па гэтай справе нібыта аб масавых беспарадках абвінавачваюцца кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, кіраўнік ягонага выбарчага штаба Павел Севярынец, а таксама яшчэ больш за дваццаць чалавек, прычым Севярынец і большасць абвінавачаных знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ», — гаворыцца ў заяве.

«У гэтай сітуацыі мы заяўляем, што асноўным напрамкам нашай дзейнасці цяпер з’яўляецца спыненне крымінальных справаў супраць лідараў аргкамітэту партыі БХД Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца, іншых палітычных закладнікаў рэжыму і іх вызваленне, а таксама барацьба за свабодныя выбары. Мы заяўляем аб неабходнасці самых рашучых дзеянняў, накіраваных на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных», — заяўляе рада БХД.

Как вам новость?
Головоломки