БХК: праваахоўнікі Беларусі не ўмеюць працаваць у рамках закона

30.09.2010 13:31
Архив Редакция

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак лічыць, што беларускія праваахоўныя органы "не ўмеюць працаваць у рамках закона і не гатовыя выконваць ускладзеныя на іх задачы законнымі спосабамі". "Гэта турбуе нас, таму што гэта парушае правы грамадзян", — адзначыў Алег Гулак.

Па словах старшыні БХК, у праваахоўнікаў, якія дзейнічаюць у абыход закону, можа ўзнікнуць адчуванне беспакаранасці. Акрамя таго, «гэта не стварае перашкодаў для новых падобных здарэнняў», адзначыў Алег Гулак.

У сваю чаргу праваабаронца Валянцін Стэфановіч у якасці прыкладу прывёў сітуацыю з затрыманнем актывістаў экалагічных і анархісцкіх рухаў, якіх падазравалі ў датычнасці да здарэння на тэрыторыі расійскай амбасады ў Мінску 30 жніўня 2010 года, перадае БелаПАН.

«Напрыклад, адзін з затрыманых, Мікалай Дзядок, затрымоўваўся сем разоў — кожны раз па новым абвінавачанні на 72 гадзіны», — распавёў Валянцін Стэфановіч.

«Я ўжо неаднаразова звяртаў увагу, што такая практыка не можа нас не турбаваць. Фактычна, такім чынам чалавека можна трымаць у следчым ізалятары бясконца, паколькі ўсе міліцэйскія аддзяленні заваленыя заявамі, напрыклад, аб крадзяжы мабільных тэлефонаў. І трымаць так чалавека, пастаянна яго перазатрымліваючы, можна год, два, тры», — падкрэсліў праваабаронца.

Как вам новость?
Головоломки