БХК просіць Вярхоўны суд не прызнаваць прэзідэнцкія выбары

17.01.2011 16:04
Архив Редакция

Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) звярнуўся ў Вярхоўны суд Беларусі з просьбай прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта, якія прайшлі 19 снежня 2010 года. Як паведаміў юрыст БХК Гары Паганяйла, дакумент накіравалі ў суд 10 студзеня, на яго разгляд па законе адводзіцца дзесяць дзён.

Па словах Гары Паганяйлы, у дакуменце праваабарончая арганізацыя прыводзіць шматлікія факты парушэнняў выбарчага заканадаўства, якія зафіксавалі назіральнікі падчас выбарчай кампаніі, пачынаючы з моманту аўтварэння выбарчых камісій і заканчваючы падлікам галасоў на ўчастках, перадае БелаПАН.

Так, у звароце ў Вярхоўны суд БХК указвае на шматлікія выпадкі сур’ёзнага разыходжання ў дадзеных аб колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за пяць дзён датэрміновага галасавання. Паводле афіцыйных звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, апублікаваным 19 снежня, за пяць дзён датэрміновага галасавання агульная колькасць 1 629 191 чалавек атрымалі бюлетэні для галасавання. Аднак ужо 20 снежня ЦВК апублікаваў інфармацыю аб 1 798 075 прагаласаваўшых.

«Розніца паміж першай і другой лічбамі складае 168.884 чалавекі і можа быць выклікана альбо тым, што такая колькасць бюлетэняў была ўкінута ў скрыні для датэрміновага галасавання ўжо пасля завяршэння датэрміновага галасавання (гэта значыць пасля 19:00 18 снежня), альбо была проста прыпісана выбарчымі камісіямі», — лічаць у БХК.

Акрамя таго, члены праваабарончай арганізацыі таксама паказалі на «шматлікія выпадкі прымусу грамадзян і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі».

На думку сябраў БХК, працэдура падліку галасоў таксама праходзіла з сур’ёзнымі парушэннямі, а многія назіральнікі прызналіся, што не мелі дастатковай магчымасці назіраць за падлікам галасоў. У БХК перакананыя, што названыя парушэнні, зафіксаваныя міжнароднымі назіральнікамі, паўплывалі на вынікі выбараў у цэлым па краіне і даюць падставы прызнаць абвешчаныя вынікі выбараў несапраўднымі.

«Калі нам адмовяць у скарзе, гэта аўтаматычна стане пацверджаннем таго, што мы маем рацыю. Праведная ўлада заўсёды мае магчымасць даказаць сваю пазіцыю, няправедная — рэагуе так, як гэта адбываецца ў нас», — заявіў Гары Паганяйла.

Як раней перадаваў Тэлеграф, БХК 22 снежня падаў аналагічную заяву ў ЦВК з патрабаваннем адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. У гэты ж дзень такую ж заяву ў ЦВК падаў былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Тым не менш, ЦВК не задаволіў ні адну са скаргаў. Тады ЦВК аргументаваў сваю адмову тым, што выбары можна прызнаць несапраўднымі, калі памылкі і парушэнні паўплывалі на вынікі выбарчай кампаніі ў цэлым па краіне, чаго, на думку ЦВК, даказана не было.

Как вам новость?
Головоломки