БХК: у выбаркамы ўвайшло 17,1% вылучаных апазіцыяй прадстаўнікоў

05.11.2010 13:53
Архив Редакция

У склад участковых выбарчых камісіяў з 1073 прадстаўнікоў апазіцыйных партый увайшлі толькі 183 чалавека, гэта значыць 17,1% вылучэнцаў. У той жа час, па словах старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака, сярэднестатыстычная "праходнасць" ў камісіі склала 84,3% — з 84 тыс. прэтэндэнтаў у склад выбаркамаў увайшло 70,8 тыс. чалавек.

Ад партый, лаяльных ўладзе, у склад выбаркамаў ўвайшло 1586 прадстаўнікоў з вылучаных 1808, гэта значыць 87,7%, ад чатырох найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюза 23 689 чалавек з 25 419 прэтэндэнтаў, то бок 93,2%, распавёў Алег Гулак. Такім чынам, па словах праваабаронцы, працэнт адмоваў ва ўключэнні прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў пяць разоў вышэйшы за сярэднестатыстычны.

Алег Гулак лічыць, што мясцовыя ўлады пры фармаванні выбаркамаў праявілі дыскрымінацыйны падыход, перадае сайт АДС.

«Назіральнікі кампаніі часта бачылі, што фармаванне камісій было фармальным. На пасяджэннях выканкамаў проста зацвярджаліся ўжо падрыхтаваныя спісы членаў камісій. Часам гэтыя спісы нават не агучваліся, і назіральнікі не бачылі склад камісіі», — заявіў кіраўнік БХК.

Алег Гулак таксама паведаміў, што юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» накіравалі ў суды 77 скаргаў па фактах неўключэння ў выбарчыя камісіі. «Мы не маем вялікіх ілюзій. Пакуль усе спробы былі безвыніковымі. Аднак мы павінны выкарыстоўваць усе прававыя механізмы хаця б для таго, каб даказаць, што яны не працуюць», — адзначыў Алег Гулак.

Как вам новость?
Головоломки