Бізнэсовец скраў 13 кіламетраў трубаправоду ў мінабароны

19.07.2010 11:26
Архив Редакция

43-гадовага жыхара Любанскага раёна Мінскай вобласці асудзілі за крадзеж больш як 13 кіламетраў трубаправоду, які належаў міністэрству абароны Беларусі. Асуджаны быў уласнікам вытворча-гандлёвага прадпрыемства, якое займалася дэмантажом трубаправоду, набытага ў іншай прыватнай фірмы.

Падчас працаў знайшлі яшчэ два трубаправоды, якія належалі адной з вайсковых частак і праходзілі па тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў Берасцейскай вобласці. На загад свайго начальніка працоўныя дэмантажавалі і гэтыя трубы, якія затым былі прададзеныя за мяжу. Кошт трубаў склаў 225 млн. рублёў, перадае БелаПАН.

Бізнэсовец ужо тройчы быў асуджаны, у тым ліку за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. За ўхіленне ад выплаты падаткаў суд Любанскага раёна пазбавіў яго права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на чатыры гады. Аднак рашэнне суда бізнэсовец парушыў.

Цяпер ён будзе на працягу пяці гадоў і аднаго месяца адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У яго таксама канфіскуюць маёмасць. Прадпрымальніцкай дзейнасцю ён не можа займацца на працягу пяці гадоў.

Как вам новость?